Беларускае мастацтва за мяжой
Беларускае мастацтва жыве за мяжой. Добрым сведчаннем гэтага з’яўляюцца ініцыятывы, фестывалі і выставы, якія адкрываюцца, каб паказаць беларускае мастацтва.
Беларускі музей у Нью-Йорку
Нядаўна створаны ў Нью-Йорку Беларускі музей працуе, каб прапагандаваць і падтрымліваць сучаснае беларускае мастацтва, дапамагаць беларускім мастакам. Адзін з яго арганізатараў Алесь Вінакураў распавядае, што падобным чынам, з грамадскай ініцыятывы і прыватных ахвяраванняў, пачыналіся шмат якія вядомыя музеі ЗША.
“Напрыклад, “Metropolitan Museum of Art”, шмат іншых – недзяржаўныя музеі. З’явілася задума, прыватныя асобы ахвяравалі грошы, збіралі працы... Ёсць добры прыклад – Украінскі музей у Нью-Йорку. У іх выдатны будынак, добрыя экспазіцыі, – кажа А. Вінакураў. – Украінскі музей стаўся ўжо часткай амерыканскага культурнага грамадскага жыцця, культурнай спадчыны Нью-Йорку. І я маю такую мару – зрабіць Беларускі музей такога ўзроўню. Гэта магчыма, бо беларускае мастацтва мае чым ганарыцца, толькі што тут яно амаль невядомае”.
А. Вінакураў распавёў, што Беларускі музей у Нью-Йорку – некамерцыйная структура, якая адкрылася і пакуль дзейнічае на прыватныя ахвяраванні, плануе звяртацца па дапамогу да фондаў. Пакуль найбольш дапамогі музей мае ад рады Кафедральнага сабора св. Кірылы Тураўскага, якая выдзеліла памяшканне і спрыяе ў арганізацыйных пытаннях.
На першай выставе Беларускага музея былі працы Уладзіміра Сулкоўскага, Ягора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міхаіла Карпука, Алеся Шатэрніка, Юліі Шатэрнік. Усяго было прадстаўлена 34 працы беларускіх мастакоў.
Другая выстава, персанальная выстава працаў вядомага беларускага мастака Міколы Купавы “Постаці зямлі Беларускай”, адкрылася 3 чэрвеня і распачала ў ЗША імпрэзы да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Арганізатары называюць яе першай сапраўднай выставай музею паводле ўзроўню арганізацыі: урачыстае адкрыццё з удзелам вядомых беларусаў і шырокай грамады, удзел самога мастака. Гэтую выставу можна будзе пабачыць яшчэ цягам некалькі тыдняў, да пачатку жніўня, далей плануецца выстава Ўладзімера Новака, пазней, магчыма, – Яўгена Шатохіна і Генадзя Драздова.
А. Вінакураў: “Пакуль у нас толькі адна зала, там адбываюцца выставы, а пад гэтай залай ёсць яшчэ такога ж прыкладна памеру памяшканне. Мы цяпер яго рамантуем, там будзе сталая экспазіцыя, для яе ўжо маецца каля 20 прац, якія мастакі перадалі для Беларускага музею. Музею перадалі свае працы А. Марачкін, Я. Шатохін, А. Шатэрнік, шмат іншых.
Мы запрашаем звяртацца да нас беларускіх мастакоў, якія хацелі б паказаць свае працы ў Нью-Йорку. Таксама заклікаем тых мастакоў, хто можа, адну-дзве працы ахвяраваць Музею. Мы імкнемся да таго, каб мець магчымасць працы для сталай экспазыцыі ў мастакоў выкупаць, але цяпер мы толькі пачынаем і пакуль што ня маем такой магчымасці.”.
З Беларускім музеем у Нью-Йорку мастакі могуць скантактавацца праз сайт музея http://belmuseum.org. Можна скантактавацца і праз мінскіх мастакоў – Алеся Шатэрніка, Генадзя Драздова, Міколу Купаву. Таксама можна тэлефанаваць у Нью-Йорк на нумар 001 646-234-9240 альбо даслаць ліст на адрас belarusmuseum@gmail.com.
Дэбют беларуса ў Літве
А на іншым кантыненце, у суседняй ад Беларусі Літве 1 ліпеня ў галерэі “Галера” (Вільня) адбылося адкрыццё яшчэ адной беларускай мастацкай выставы. Фотавыставу Андрэя Антонава наведнікі называюць сапраўды ўдалым дэбютам у “рэальнай прасторы”: раней яго творы можна было пабачыць толькі ў інтэрнэце. Андрэй Антонаў, вядомы дасюль больш як літаратар і паэт, кажа што фотамастацтва для яго цяпер найбольш актуальнае.
Андрэй Антонаў вучыўся ў Маскве і ў Вільні, дзе і жыве апошнія 15 гадоў. Ён гадаваўся ў беларуска-армянскай сям'і, жыў у Магілёве.
А. Антонаў: “Думаю, для мастака асаблівага значэння ня мае яго этнічнае паходжанне. Але, з іншага боку, гэты культурны бэкграўнд, на якім ты рос, непазбежна ўплывае. І без гэтага спецыфічнага досведу нічога не будзе. А я адчуваю сабе беларусам. Гэта карані. Ёсць гэтыя карані, вытокі, і з імі не змагаюцца”.
А.Антонаў распавёў таксама, што шмат фатаграфаваў у падлеткавым узросце, – былі конкурсы, медаль ВДНХ, – а пасля больш за дзесяць гадоў зусім не браўся за фотаапарат. Два гады таму нарадзілася дачка Юля, і яна адыграла значную ролю ў вяртанні А. Антонава да фотамастацтва.
Пасля першай выставы Андрэя Антонава, што адкрылася 1 ліпеня ў віленскай галерэі “Галера” на Зарэччы, неўзабаве будзе выстава ў іншым літоўскім горадзе, Шырвінтасе. Адносна выставаў у Беларусі мастака задумаў, планаў, як выглядае, няма.
Эміграцыя беларускага мастацтва?
Беларускія мастацкія творы не толькі выстаўляюцца за мяжой – працы, якія ствараюць беларускія мастакі і на Бацькаўшчыне, і ў замежжы, бадай, ці не ў найбольшай сваёй частцы і застаюцца за мяжой. Магчыма, да эміграцыі з Беларусі дадаецца яшчэ і эміграцыя беларускага мастацтва?
А. Антонаў: “Ня думаю, што нейкі “зыход” адбываецца. “Біенале” Венецыянскае, ня ведаю, як сёлета, але ў 2005 годзе прадэманстравала, што беларускае выяўленчае мастацтва мае што паказаць. Іншая справа, што ў Беларусі адсутнічае жывая галерэйная дзейнасць. Проста гэта адсутнасць публічнага жыцця, – прынамсі, такога, што ёсць за мяжой, у тым ліку і для беларускага мастацтва”.
А. Вінакураў: “Эміграцыя беларускага мастацтва? Можа, гэта не эміграцыя, а інтэграцыя ў сусветнае мастацтва. Беларускае мастацтва наогул не інтэграванае ў глабальнае мастацтва. Я спадзяюся, што адбываецца адкрыццё для ўсяго свету беларускага мастацтва”.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|