Магілёўскія донары атрымалі адказ на зварот за адмену ільготаў

Магілёўскія донары атрымалі адказ на зварот у парламент наконт адмены ільготаў. Як паведаміў ганаровы донар Беларусі Ігар Каваленка, зварот быў пераадрасаваны ў Магілёўскі гарвыканкам, і адказ прыйшоў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Ф.К.Міхеенкі.

“Ва ўмовах, калі праяўленне гуманізму і міласэрнасці ў выглядзе донарства крыві і яе кампанентаў з боку асобных грамадзян пачынае ўспрымацца як праца, узнікае больш чым сур'ёзнае апасенне ў тым, наколькі наогул бяспечна для хворых карыстацца паслугамі такіх “гуманных” і “міласэрных” грамадзян”, – гаворыцца ў адказе. У лісце размова ідзе аб тым, што “сістэма збору донарскай крыві і яе кампанентаў у Беларусі наладжана і адпрацавана ўжо многімі дзесяцігоддзямі”.

Адным з яе складнікаў з'яўляюцца донары, якія рэгулярна здаюць кроў і яе кампаненты. “Гонар і ўхвала такім людзям. Мы схіляем галовы перад гэтымі грамадзянамі, якія выратавалі жыцці тысячам сваіх землякоў”, – зазначаецца ў лісце.

“Дабрачынныя справы ва ўсе гады славіліся перш за ўсё тым, што сапраўды міласэрныя людзі ніколі не імкнуліся да афішавання свайго ўдзелу ў дабрачыннасці, спонсарстве, мецэнацтве ў любым іншым сваім добраахвотным ахвяраванні на карысць тых, хто мае ў гэтым патрэбу, – гаворыцца ў адказе. – Не кажучы аб тым, каб яны патрабавалі сабе за гэта нейкіх ільготаў і пераваг”.

“Тыя грамадзяне, якія з меркантыльных інтарэсаў лабіравання сабе ільготаў за тое, што рэгулярна праяўляюць акт гуманізму і міласэрнасці ў выглядзе добраахвотнай здачы крыві і яе кампанентаў, вядома ж, маюць права перастаць займацца гэтай дзейнасцю, – зазначаюць прадстаўнікі гарвыканкама. – Але называць гэтую акцыю забастоўкай, па-першае, юрыдычна няправільна, па-другое, лагічна няправільна, па-трэцяе, гэта значыць не больш чым прыніжэнне саміх сябе ў вачах суайчыннікаў”.

“У гэтым лісце няма ніводнага адказу наконт нашых патрабаванняў, – заўважыў І. Каваленка. – Калі ж я званіў у парламент, мне сказалі, што гарвыканкам, згодна з законам аб донарстве і кампанентах крыві, мае права ўстанавіць донарам на сваё меркаванне нейкія ільготы або прэферэнцыі”.

Паводле спадара Каваленкі, донары чакаюць вынікаў яшчэ двух такіх зваротаў – з Савета міністраў Беларусі і Міністэрства аховы здароўя. Гэта паўплывае на рашэнне донараў аб пачатку бестэрміновай забастоўкі.

Ён таксам паведаміў, што працягваецца работа над стварэннем дабрачыннага фонду донараў крыві і плазмы – ужо гатовы статут будучай арганізацыі.

Нагадаем, з 20 па 27 чэрвеня ў краіне праходзіла папераджальная забастоўка донараў, якія кінулі наведваць станцыі пералівання крыві. Мэта акцыі – выказаць пратэст супраць адмены ільготаў ганаровым донарам згодна з законам аб упарадкаванні ільготаў, які ўступіць у сілу 17 снежня 2007 года.

Паводле БелаПАН і “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)

‹‹ на галоўную | у архіў