Беларускі фэст “Дах 5” у Берліне

Ад 11 да 22 ліпеня ў берлінскім мастацкім цэнтры “Tacheles” адбываецца фестываль незалежнага беларускага мастацтва “Дах 5”. У яго межах пройдзе персанальная выстава Аляксандра Родзіна, музычныя выступы беларускіх электронных праектаў – Nadin Katrin, Planet N, Kein, I Me Mine vs. Shkvarka ды іншых, адбудуцца перформансы і літаратурныя чытанні.

Пра фестываль распавёў адзін з арганізатараў фэсту з беларускага боку Уладзіслаў Бубен: “Першы раз мы прэзентуем беларускія электронныя гурты. Гэта будзе не толькі выстава, гэта будуць выступы авангардных гуртоў, якія робяць музыку ў розных стылях і ў розных напрамках сучаснай электроннай музыкі. Таксама будуць сябры з Нямеччыны – сем ці восем гуртоў. Разам мы будзем рабіць творчыя “калабарацыі”, а можа і нейкія запісы. Арганізатарам з’яўляецца Алесь Родзін, які ладзіць выставу. Таксама дапамагае арт-хауз “Tacheles”, які даў памяшканне. Працягвацца акцыя будзе два тыдні і за гэты час будзе шмат выступаў. Прыехалі і вядомыя нямецкія прад’юсары”.

У рамках фестывалю пройдуць перформансы групы экзістэнцыяльнай клаунады “Тэатр псіхічнае неўраўнаважанасці”, Мітрыча і Яўгена Лосіка, а таксама літаратурныя выступы Змітра Вішнёва ды Іллі Сіна. Гаворыць І. Сін: “Мы ставім сабе за мэту выклікаць рэзананс замежнікаў адносна беларускай сітуацыі і Беларусі наогул. Каб замежнікі адчулі, што ў Беларусі адбываецца нешта іншае, апрача таго, што ім ужо вядома. І каб тыя асацыяцыі, што ў іх адносна Беларусі ёсць, былі змененыя, каб Беларусь асацыявалася не толькі з адной палітычнай персонай, але і з беларускімі радыкальным мастацтвам і цікавымі эстэтычнымі ідэямі”.

Паводле Радыё “Свабода” ( www . saboda . org )

‹‹ на галоўную | у архіў