Джордж Буш узгадаў пра Беларусь у выступе да Тыдня паняволеных народаў
У Злучаных Штатах праходзіць Тыдзень паняволеных народаў. 11 ліпеня прэзідэнт ЗША Джордж Буш выступіў з адмысловай заявай, у якой адзначыў, што “ўлады Беларусі, Бірмы, Кубы, Паўночнай Карэі, Сірыі, Ірану, Судану і Зімбабве па-ранейшаму ўціскаюць сваіх грамадзянаў”.
Прэзідэнт ЗША паведаміў, што яго адміністрацыя стварыла Фонд абаронцаў правоў чалавека, які будзе даваць фінансавую дапамогу для “юрыдычнай абароны і медычнай дапамогі дэмакратам-дысідэнтам, якія былі арыштаваныя або збітыя рэпрэсіўнымі ўрадамі”. Апрача таго, амерыканскі прэзідэнт заявіў, што Злучаныя Штаты падвоілі фінансаванне дэмакратычных праектаў па ўсім свеце.
“Пашырэнне свабоды з’яўляецца маральным абавязкам. Злучаныя Штаты плячо ў плячо супрацоўнічаюць з новымі дэмакратыямі ў Ліберыі, Маўрытаніі, Украіне, Грузіі і Кыргыстане, – падкрэсліў Дж. Буш. – Амерыканцы вераць, што полымя свабоды гарыць у сэрцы кожнага чалавека і што гэтае полымя не можа быць патушанае ўрадамі, тэрарыстамі або тыранамі”.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|