Помнік Купалу ў Польшчы

У Гданьску (Польшча) адкрыты памятны знак, прысвечаны Янку Купалу. Гэта камень, на якім замацаваная памятная дошка з іменем пісьменніка, гадамі жыцця і словамі паэта “Мне сняцца сны аб Беларусі”.

Як распавяла адна з ініцыятараў усталявання Лена Глагоўская, памятны камень пастаўлены намаганнямі Беларускага культурнага таварыства “Хатка” з Гданьску. “Мы выйшлі з такой ініцыятывай яшчэ 2004 годзе і звярнуліся да консула Рэспублікі Беларусь у Гданьску і да старшыні Рады горада”, – распавяла спн. Глагоўская.

Адкрыццё помніка арганізаваў прэзідэнт горада Гданьска Павел Адамовіч, які фундаваў усталяванне каменю. Консульства Беларусі вырабіла таблічку на памятны камень са словамі: “Мне сьняцца сны аб Беларусі”. Як распавядала спн. Глагоўская, праграму распрацавалі гарадскія ўлады і прыватна яна.

Адкрыў помнік Прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч і Генеральны Консул Рэспублікі Беларусь. На імпрэзе прачыталі вершы Янкі Купалы ў перакладзе на польскую мову, спявалі песні на ягоныя словы, такія як “Не загінуць зоркі ў небе”, “Мова родная”, “Паўстань, народ” і інш. Спн. Глагоўская распавяла, што на імпрэзе было шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

Памятны знак Янку Купалы размяшчаецца на адзінай у Польшчы вуліцы, названай у гонар беларускага песняра.

Сярод мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Гданьску да 125-годдзя класіка і выстава, прысвечаная Янку Купалу. Яна працуе ад 25 чэрвеня ў Бібліятэцы Гданьскага ўніверсітэту да 20 ліпеня. Яе арганізавалі Бібліятэка ўніверсітэту і БТК “Хатка”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў