Коласаўскі ліцэй: на сесію — у Польшчу
Навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа прыехалі ў Польшчу, дзе паўтара месяца ў іх будзе летняя сесія. Увечары вучні і выкладчыкі прыбудуць у курортнае мястэчка Закапанэ, потым іх чакаюць у Гданьску і Варшаве. У ліцэйскую сям’ю ўліліся тры дзесяткі новых вучняў, якія залічаныя паводле вынікаў іспытаў.
Актывісты Клубу каталіцкай інтэлігенцыі наладзілі ўрачыстую сустрэчу беларускім ліцэістам у Варшаве. Пасля гэтага выкладчыкі і навучэнцы выправіліся ў першы пункт свайго польскага турнэ — у Закапанэ.
Дырэктар Коласаўскага ліцэю Уладзімір Колас прыехаў сюды раней, каб арганізаваць сустрэчу сваіх выхаванцаў. Сп. Колас расказвае пра планы ліцэю: “Гэтым летам наш ліцэй зноў выязджае да Польшчы. Склалася такая традыцыя, дзякуючы шматлікім сябрам, якія ў нас з’явіліся ў Польшчы і якія жадаюць падтрымаць ліцэй. Важна, што тут мы маем магчымасць вучыцца ў нармальных умовах, у класных памяшканнях, у лабараторыях па прыродазнаўчых дысцыплінах, у кампутарных класах, гімнастычных залах.
Мы можам выкарыстоўваць усё гэта якраз падчас летніх вакацыяў, калі школьныя будынкі і інтэрнаты пустыя. Вучэбная сесія ліцэю адбываецца дзякуючы Звязу настаўніцтва польскага, Клубу каталіцкай інтэлігенцыі, уладам Гданьску”.
Як удакладняе У. Колас, першая палова кожнага дня будзе прысвечаная навучальнаму працэсу, а на другую палову плануецца культурная праграма — ад шпацыраў у горы (польскія Татры) да наведвання музеяў. Таксама запланаваныя паездкі ў Кракаў і Асвенцім.
Сёлета ліцэйская сям’я істотна вырасла. Паводле іспытаў у чэрвені залічаныя болей за тры дзесяткі новых вучняў. Але, як кажа дырэктар ліцэю, перад навучальным годам у Беларусі гэтая лічба можа быць яшчэ большай: “У гэтым годзе мы зрабілі вялікі набор, прынялі больш за трыццаць новых навучэнцаў. Але, мяркую, мы яшчэ будзем працягваць гэты набор па вяртанні з Польшчы, напрыканцы жніўня. Таму тым, хто, магчыма, не ведаў пра наш набор, навучэнцам 9—10 класаў мы прапануем паспрабаваць свае сілы і далучацца да нашай ліцэйскай сям’і”.
Стварэнне Коласаўскага ліцэю прыпадае на мяжу 1980—1990-х гадоў. Але ўжо ў сярэдзіне 1990-х пачаліся канфлікты з уладай, а ў 2003 годзе ліцэй гвалтоўна выселілі з будынку на вуліцы Кірава, 21 у Мінску. У 2003-м тагачасны міністр адукацыі Пётр Брыгадзін паведаміў пра намер прызначыць новага дырэктара ліцэю, з чым катэгарычна не пагадзіўся калектыў. Улетку таго ж году па загадзе Мінадукацыі ліцэй як навучальная ўстанова дэ-юрэ ліквідаваны. Пераход у падполле захаваў ліцэйскія традыцыі, але стварыў шмат праблемаў з-за немагчымасці навучацца легальна.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|