Пераможцаў алімпіяды па беларускай мове з Польшчы запрашаюць вучыцца ў БДУ
З Мінска вярнуліся пераможцы і ўдзельнікі алімпіяды па беларускай мове, якая ўжо 13-ы раз праводзілася ў Польшчы. У сталіцы Беларусі адбыўся яе фінальны этап, у якім удзельнічала 28 фіналістаў з двух ліцэяў — з Гайнаўкі і Бельска-Падляшскага. Сёлетніх пераможцаў чакала неспадзяванка, якую паведаміў ім рэктар Белдзяржунівэрсітэту.
Прафесар Варшаўскага, а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Мікалай Хаўстовіч распавёў пра навіну: “Пераможцы алімпіяды па беларускай мове маюць права без экзаменаў паступаць у шмат якія вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Польшчы па адпаведным гуманітарным профілю. А сёлета рэктар БДУ сп. Стражаў заявіў, што ён пагаджаецца прыняць пераможцаў алімпіяды таксама і на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ”.
Прэстыжнасці беларускай мовы, а таксама цікавасць да яе на Беласточчыне ўва многім падтрымліваецца менавіта дзякуючы алімпіядам. А пра прыём, наладжаны ў Мінску вучням з Польшчы, што вучаць беларускую мову, ды іх настаўнікам расказвае выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэту Катажына Бартноўская, якая суправаджала групу ў Мінск.
Катажына Бартноўская: “Ужо другі год фінал алімпіяды арганізоўваецца ў супрацоўніцтве з БДУ. Мне здаецца, што сёлета ўсё атрымалася асабліва добра. Асабліва спадабалася вучням і настаўнікам беларускай мовы, якія іх суправаджалі, экскурсія ў Дудуткі, у беларускі музей. Але галоўнае — была наладжаная сапраўдная вялікая ўрачыстасць падчас уручэння ўзнагародаў і дыпломаў пераможцам і лаўрэатам. Прысутнічалі і прадстаўнікі міністэрстваў, прэса, а таксама і рэктар БДУ. Вучні і настаўнікі засталіся пад вялікім уражаннем.
Па словах К. Бартноўская, вучні сапраўды адчулі, што вывучаць беларускую мову прэстыжна, бо прынялі іх як вельмі важных гасцей. Пры гэтым яны, несумненна, заўважылі, што ў пераважнай большасці беларусы размаўляюць па-руску. Навучэнцы з Польшчы ведалі пра цяжкае становішча з беларускай мовай у Беларусі, але ўсё ж былі здзіўленыя, калі ўпэўніліся ў гэтым на ўласным вопыце.
Пры гэтым моўных цяжкасцяў з вучнямі не было. Расказвае выкладчыца БДУ, якая суправаджала групу па Мінску Вольга Крычко: “Яны выключна добра размаўляюць па-беларуску. Добра арыентуюцца ў беларускай літаратуры. Хлопцы адзначалі, што найбольш ім падабаецца проза Быкава. Згадвалі Максіма Багдановіча, творчасць якога іх таксама цікавіць. Сёлета шмат хто з іх ужо будзе паступаць у ВНУ. Яны дзяліліся планамі і казалі, што пераважна будуць выбіраць медычны і юрыдычны накірункі. Але адзін хлопец выказаў жаданне навучацца ў БДУ, на беларускай філалогіі”.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|