Акцыі салідарнасці з Беларуссю
У Эстоніі прайшла акцыя ў абарону беларускіх вернікаў
У падтрымку кампаніі беларускіх хрысціян за адмену дыскрымiнацыйнага заканадаўства аб веравызнанні 16 чэрвеня прадстаўнікі супольнасці “Трэці Шлях”, беларускай дыяспары ў Эстоніі, а таксама актывісты грамадскай супольнасці Эстоніі правялі акцыю-пікет у цэнтры Таліна.
Падчас акцый удзельнікі інфармавалі мясцовых жыхароў і гасцей горада аб cітуацыі, што склалася ў Беларусі з правамі і свабодамi вернікаў. Акцыя прыцягнула ўвагу эстонскага тэлебачання і цэнтральных газет.
16-га дня кожнага месяца – дзень Салідарнасці з тымі, хто падвяргаецца пераследу ў Беларусі. Сёння ў такім становішчы апынуліся беларускія вернікі (пераважна пратэстанты і каталікі). За абсалютна нармальныя для вернікаў дзеянні (сумесныя малітвы або чытанні Бібліі) пратэстанты рызыкуюць і трапляюць пад арышт, падвяргаюцца грашовым штрафам, іх пастараў высылаюць з краіны.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)
Кіяўляне ўбачылі на ўласныя вочы, як беларусаў пазбаўляюць “талерак”
16 чэрвеня ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
На гэты раз удзельнікі акцыі пратэставалі супраць спробаў беларускіх уладаў дэмантаваць парабалічныя спадарожнікавыя антэны, якія з’яўляюцца для тысяч беларусаў крыніцай альтэрнатыўнае інфармацыі. Распавядае Віктар Загрэба, адзін з каардынатараў акцыі: “Акцыі салідарнасці з Беларуссю сталі ўжо традыцыйнымі для Кіева. На гэты раз мы выбралі тэму тэлебачання, тэму барацьбы рэжыму Лукашэнкі і беларускіх органаў улады супраць спадарожнікавых “талерак”. Гэтая кампанія пачалася ў Беларусі спачатку ў абласных цэнтрах, цяпер ужо ў Мінску. Яе мэтай паводле словаў экспертаў і журналістаў з’яўляецца змяншэнне ўплыву замежных тэлеканалаў, а таксама тэлеканалу “Белсат”, які павінен з’явіцца ў гэтым годзе”.
Удзельнікі акцыі прадэманстравалі мінакам, журналістам і ахове амбасады перформанс, які адлюстроўваў іх бачанне сітуацыі ў Беларусі. Спачатку “звычайная беларуская сям’я” дзякуючы спадарожнікавым “талеркам” мае магчымасць аглядаць розныя тэлеканалы. Потым прыходзіць міліцыянт і канфіскоўвае антэны. У беларусаў застаецца толькі “БТ”.
Удзельнікі акцыі паведамілі, што і далей будуць працягваць праводзіць тэматычныя перформaнсы, даносячы да ўкраінцаў інфармацыю пра актуальныя праблемы беларускага грамадства.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|