Еўразвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэферэнцый
Рашэнне адмяніць гандлёвыя ільготы для тавараў, якія экспартуюцца з Беларусі, было прынятае з прычыны няздольнасці кіраўніцтва Беларусі выконваць правы незалежных прафсаюзаў. Гэты крок прывядзе да падаражання некаторых беларускіх тавараў на еўрапейскім рынку. Пра гэта заявіў Еўракамісар ў гандлі Пітэр Мандэльсан.
Паводле яго словаў, у Беларусі абсалютна не выконваюцца правы працоўных і нормы працоўнага заканадаўства Міжнароднай арганізацыі працы, згодна з якімі ўсе працоўныя маюць права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы і заключаць калектыўныя пагадненні аб заробку з наймальнікамі.
Стандартныя тарыфы будуць тычыцца недзе 10% беларускай прадукцыі.
У сувязі з гэтым імпарт з Беларусі ад 21 чэрвеня будзе абкладацца стандартнымі еўрапейскімі імпартнымі мытнымі пошлінамі. Яны на 3% вышэй за прывілеяваныя тарыфы, якімі Беларусь карыстаецца цяпер.
На практыцы пад стандартныя тарыфы падпадзе каля 10% беларускага імпарту ў краіны Еўразвязу. Гэта тычыцца, у асноўным, тавараў хімічнай прамысловасці і сельгастэхнікі. У гэты лік не трапяць экспартаваныя нафта і газ, якія ідуць з Расіі праз Беларусь ў Еўропу.
Прэферэнцыі могуць быць вернутыя ў выпадку выканання нормаў МАП
Еўракамісія выказала шкадаванне, што Беларусь праігнаравала шматлікія заклікі прывесці працоўнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі правоў чалавека.
Аднак Пітэр Мандэльсан запэўніў, што як толькі Беларусь прывядзе свае нормы ў адпаведнасць з патрабаваннямі Міжнароднай арганізацыі працы, еўрапейскія гандлёвыя прэферэнцыі ёй будуць вернутыя.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|