Прэзідэнт ЗША яшчэ на год падоўжыў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і А. Лукашэнкі
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джордж Буш яшчэ на год працягнуў фінансавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў.
У спісе чыноўнікаў, чые рахункі і ўласнасць у ЗША могуць быць арыштаваны, пазначаны 10 чалавек. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, гэта яго сын Віктар Лукашэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлекампаніі Аляксандр Зімоўскі, старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман, палкоўнік спецназу МУС Дзмітрый Паўлічэнка, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Як паведамляе прэсавая служба Белага Дому, Дж. Буш у чацвер падпісаў распараджэнне пра тое, што яшчэ на год падаўжаецца “блакаванне ўласнасці” гэтых асобаў, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі ЗША.
Нагадаем, санкцыі былі ўведзеныя 19 чэрвеня 2006 года ў адносінах асобаў, «адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэнне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю». Дзеянне санкцый падаўжаецца ў сувязі з тым, што дзеянні і палітыка беларускіх кіраўнікоў “працягваюць свараць неардынарную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы ЗША”. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні Дж. Буша, пра якое ён афіцыйна паведаміў лістом у Кангрэс ЗША.
Паводле ІА “Associated Press”, Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|