Дапамажы мастацтву трапіць да цёці

Артыстычная галерэя “Зоя” ў Варшаве пачала акцыю пад назовам “Дапамажы мастацтву трапіць да цёці”. Усе ахвотныя асобы могуць прыйсці ў галерэю, выбраць паштоўку і выслаць яе сваім знаёмым. Кіраўнік галерэі “Зоя” Дарыюш Жукоўскі кажа, што ў свеце смс-аў і электроннай пошты традыцыйная паштоўка стала рэдкасцю.

Д. Жукоўскі: “Мы дэманструем мастацтва з Усходняй Еўропы, таксама з Беларусі. Пасля нашай першай выставы твораў Зоі Луцэвіч мы выдалі каталог яе прац у выглядзе паштовак. Пасля былі іншыя выставы, урэшце сабралася шмат розных паштовак са здымкамі мастацкіх твораў, таксама беларускіх. Узнікла ідэя, што акрамя смс-аў і электронных лістоў варта высылаць паштоўкі, а асабліва паштоўкі з артыстычнымі творамі. Не кожны можа прыехаць у Варшаву ў нашу галерэю, таму можа пазнаёміцца з мастацтвам пры дапамозе нашай паштоўкі”.

У галерэі “Зоя” паштоўкі і маркі раздаюцца бясплатна. Ёсць толькі адна ўмова – паштоўку трэба падпісаць і адправіць.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў