Вядомыя беларусы выступілі ў абарону права на свабоду сумлення
Шэраг вядомых палітыкаў, грамадскіх актывістаў, пісьменнікаў паставілі свае подпісы за змену закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.
Як паведамляе сайт “Кампаніі па абароне права на свабоду сумлення”, сярод падпісантаў вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко, Святлана Завадская, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, “маладафронтаўцы” Барыс Гарэцкі, Зміцер Хведарук, Алег Корбан, палітык Мечыслаў Грыб, старшыня юрыдычнай камісіі Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч і іншыя.
Усяго з 22 красавіка ў Беларусі пад зваротам у Канстытуцыйны суд пра ўнясенне змяненняў у закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” сабрана звыш 20 тысяч подпісаў.
У акцыі па абароне правоў на свабоду сумлення бяруць удзел хрысціяне розных дэнамінацый (католікі, праваслаўныя, пратэстанты) і прадстаўнікі грамадскасці.
Закон абмяжоўвае правы вернікаў, сцвярджаюць арганізатары кампаніі. За правядзенне набажэнстваў святароў караюць штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі; чыноўнікі сістэматычна не даюць дазволаў на правядзенне набажэнстваў і будаўніцтва храмаў; з-за фармальных прычын ліквідуюць рэлігійныя абшчыны, дэпартуюць з краіны святароў-іншаземцаў.
Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )
|