Коласаўскі Дзядзька Антось зноў у Вільні

Учора ў сценах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні адкрылася фотавыстава пад назвай “Як дзядзька Антось у Вільню ездзіў”.

Перад адкрыццём выставы адбылася аднайменная тэатралізаваная экскурсія па Вільні. Вандроўку задумалі і правялі студэнты 2-га курса спецыялізацыі “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія”. А фотаздымкі з яе на выставу прадставілі студэнты з праграмы “Візуальны дызайн і медыя”. І выстава, і вандроўка прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

Ключавая глава паэмы Я. Коласа “Новая зямля” прысвечана паездцы аднаго з галоўных герояў — дзядзькі Антося — у Вільню. У свой час даследчыкі Алесь Белы з Мінска і Андрэй Антонаў з Вільні “аднавілі” маршрут коласаўскага героя. Цяпер і студэнты з ЕГУ прайшлі па вуліцах, дзе пабываў дзядзька Антось.

Апоўдні, ў нядзелю 3 чэрвеня, яго на віленскім чыгуначным вакзале сустракалі студэнты і выкладчыкі ЕГУ, віленскія беларусы. У натоўпе былі заўважаны прыгажуні і хлопцы ў нацыянальных беларускіх строях (у пошуках якіх беларусісты дабраліся нават да Літоўскай кінастудыі). Разам з літаратурным персанажам каларытная кампанія некалькі гадзін блукала па віленскіх вуліцах.

Ад вуліцы Пілімо, праз Лідскую і Кейданскую, праз Нямецкую і Віленскую, і шмат яшчэ якія вуліцах пралягаў маршрут экскурсіі. У рэшце рэшт, дзядзька Антось адшукаў правільную дарогу, трапіў у банк (зараз гэта Віленскі паштамт), а потым... Несумненна гэта была самая прыемная частка вандроўкі. Пасля таго як Антось уладзіў свае справы, ён разам з новым сваім сябрам вырашыў адпачыць і адным махам падсілкавацца на гары Гедыміна. Арганізатары экскурсіі з вялікім задавальненнем рэканструявалі і гэтую частку паэмы. Вандроўка завяршылася пікніком ля вежы Гедыміна.

Гэтай экскурсіяй і выставай віленскія студэнты-беларусісты імкнуліся разбурыць стэрэатыпы і тым самым вярнуць “Новую зямлю” ў жывую рэчаіснасць. Задума ўдалася.

Паводле “Нашай Нівы” ( www . nn . by )

‹‹ на галоўную | у архіў