Эмігрант з Беларусі Шымон Перас – новы прэзідэнт Ізраіля

Новым прэзідэнтам Ізраіля будзе 84-гадовы кандыдат цэнтрысцкай партыі “Кадзіма” Шымон Перас. Гэта стала зразумела сёння пасля таго, як па выніках першага тура галасавання ў Кнэсеце (ізраільскім парламенце) яго сапернікі знялі свае кандыдатуры.

Сп. Перас атрымаў у першым туры 58 галасоў пры тым, што для абрання быў неабходны 61 голас. Кандыдата ад правай партыі “Лікуд” падтрымалі 37 дэпутатаў, кандыдата ад левай партыі “Авада” – 21 дэпутат.

Ш. Перас нарадзіўся 1 жніўня 1923 г. у мястэчку Вішнева (Валожынскі раён Мінскай вобласці). У 10-гадовым узросце, разам з бацькамі, ён пераехаў у Палесціну. Падлеткам уступіў у рух Хаганах. Працаваў у створаным пасля абвяшчэння Ізраіля міністэрстве абароны. У 1953 г. Перас стаў генеральным дырэктарам міністэрства абароны, а ў чэрвені 1992 г. заняў пост міністра замежных спраў. У 1993 г. Ш. Перас дасягнуў дамовы наконт стварэння палесцінскай аўтаноміі з Арганізацыяй вызвалення Палесціны. Разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам Ш. Перас быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру ў 1994 г.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” ( www . belradio . fm )

‹‹ на галоўную | у архіў