Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі
Двухдзённы круглы стол “Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі” арганізавала 9-10 чэрвеня 2007 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. У ім прынялі ўдзел палітыкі, эканамісты і журналісты з Беларусі, Расіі, Украіны і інш.
На стратэгію “перадпрадажнай падрыхтоўкі Беларусі звярнуў увагу кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. Па ягоных словах, беларускай апазіцыі не трэба разлічваць на палітычны крызіс улады ў выніку новых эканамічных адносінаў з Расіяй. “Расіі няма сэнсу давадзіць эканамічную сітуацыю ў Беларусі да абсурду – яна намагаецца як мага лепей правесці перадпрадажную падрыхтоўку Беларусі”, – адзначыў эксперт. По яго меркаванні крызіс улады можа адбыцца толькі, калі яна дапусціць “вельмі шмат памылак”.
Жывую дыскусію сярод удзельнікаў сустрэчы выклікаў даклад шэф-рэдактара газеты “Народная воля” Святланы Калінкінай пра сітуацыю ў беларускай апазіцыі. Яна адзначыла, што прычынамі разыходжанняў у кааліцыі сталі не толькі пазіцыі лідэраў, але і адрозненні ў палітычных пазіцыях партый у цэлым. Яна выказала, што наступная палітычная кампанія – парламенцкія выбары – памірыць удзельнікаў дэмакратычнай кааліцыі.
Пра ўнікальнае становішча Беларусі і Украіны як транзітных краінаў для энерганосьбітаў з Расіі ў Еўропу гаварыў дырэктар Інстытуту трансфармацыі грамадства, прафесар нацыянальнай акадэміі кіравання Алег Соскін у дакладзе “Вопыт Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі і магчымасці яго выкарыстання ў Беларусі”. Украінскі эксперт выказаў меркаванне, што пасля продажу “Белтрансгазу” “Газпраму” Беларусь губляе плюсы ад становішча транзітнай дзяржавы.
Кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС Расіі Кірыл Коктыш выступіў з дакладам “Праблемы пераходу на рынкавую эканоміку: сацыяльнае і эканамічнае вымярэнне”. Па ягоным меркаванні ў сённяшніх умовах пераход да рынкавай эканомікі для Беларусі немагчымы. Філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч звярнуў увагу на асаблівасці адносінаў Еўрапейскага звязу і Беларусі, пачынаючы ад часоў атрымання апошняй незалежнасці.
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу сталі галоўнай тэмай дакладу палітолага, выканаўчага дырэктара ГА “Адкрытае грамадства” Віктара Чарнова. На жаль, эксперт не выказаў аптымістычных меркаванняў наконт становішча Беларусі ў бліжэйшай будучыні, адсутнасць пазітыўных зменаў.
У другі дзень круглага стала дакладчыкі звярталіся да ўнутрыпалітычнага і эканамічнага становішча Беларусі, а таксама знешнепалітычных адносінаў з іншымі краінамі. Так экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар эканамічных навук Міхаіл Марыніч звярнуўся да тэмы трансфармацыйных задач Беларусі, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў прааналізаваў магчымасці падвышэння ўзроўню жыцця беларусаў ва ўмовах падвышэння коштаў на энерганосьбіты. Знешнія адносіны Беларусі сталі тэмамі для некалькіх дакладаў: дырэктар “Агенцтва фінансавых навінаў” Алег Муславец прааналізаваў рэальныя магчымасці Беларусі ў пошуку альтэрнатыўных крыніцаў паставак энерганосьбітаў, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ Уладзімір Роўда звярнуў увагу на рэзервы новай знешняй палітыкі Беларусі. Агульнае ў сённяшнім становішчы Украіны і перспектывах Беларусі аналізаваў аналітык з Украіны Андрэй Крычаў.
Мадэратар круглага стала, загадчык аддзела палітыкі штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі, паводзячы вынікі работы, зазначыў, што быў заўважаны брак канструктыўнай праграмы дзеянняў. На яго думку, гэта наўпроставы вынік разгрому “фабрык дымкі” (Belarusian Think Tanks) ды аслабленасці незалежных аналітычных цэнтраў. Па словах П. Быкоўскага, даклады з беларускага боку вельмі добра абмалёўвалі сітуацыю і ставілі пытанні, але фактычна ніхто не прапаноўваў адказаў на іх, або гэта былі вельмі агульныя прапановы. Пры гэтым ён дадаў: “Станоўчы вынік круглага стала -- эксперты і удзельнікі намалявалі сваё бачанне сітуацыі і паставілі пытанні, на якія трэба шукаць адказы”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|