Беларусь унесеная ў спецпараграф даклада МАП і будзе пазбаўлена прэферэнцыяў Еўразвязу
Беларусь унесена ў спецыяльны параграф даклада Міжнароднай канферэнцыі працы. Пра гэта паведаміла выканаўчы дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Карэн Керціс. Гэтае рашэнне, пакрэсліла яна, азначае, што сітуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі з’яўляецца “адным з тых сур’ёзных выпадкаў, якому МАП павінна надаваць пільную ўвагу”.
Па словах К. Керціс, 8 чэрвеня падчас абмеркавання сітуацыі з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі на паседжанні камітэта па прымяненні канвенцыі і рэкамендацыі МАП група наймальнікаў і група працоўных прапанавалі ўнесці краіну ў спецпараграф даклада Міжнароднай канвенцыі працы. “Пад час паседжання рашэнне было ўхвалена і прынята”, — сказала К. Керціс.
Прадстаўнік МАП адзначыла, што Беларусь ужо ў пяты раз трапляе ў спецпараграф. “Беларускі ўрад павінны сур’ёзна працаваць, каб выканаць рэкамендацыі МАП”, — падкрэсліла К. Керціс.
Нагадаем, 21 чэрвеня ўступае ў моц рашэнне Рады Еўразвязу пра выключэнне Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў у сувязі з парушэннем правоў працоўных і прафсаюзаў. Адмена гэтага рашэння ЕЗ звязана з выкананнем беларускім урадам рэкамендацый МАП па ліквідацыі парушэнняў.
Міжнародная канферэнцыя працы — глабальны форум, які штогод праводзіць МАП. Дзяржавы – сябры МАП прадстаўлены на ім трохбаковымі дэлегацыямі ў складзе прадстаўнікоў ураду, наймальнікаў і працоўных.
Паводле БелаПАН і Хартыя’97 ( www . charter 97. org )
|