Фестываль беларускай песні магчыма будзе праводзіцца ва ўсіх краінах Балтыі
Саюз беларусаў Латвіі прапануе правесці Міжнародны фестываль беларускай песні ва ўсіх краінах Балтыі.
Па яго прапанове фестываль, які праводзіцца ў Рызе, можна арганізоўваць кожны год ў адной з трох краінаў Балтыі. Гэтымі планамі беларусы Латвіі падзяліліся на сустрэчы з сябрамі беларускай дэлегацыі на чале з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам.
“Гэта толькі прапанова, канкрэтныя пытанні прадстаўнікі беларускай дыяспары, у прыватнасці старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, яшчэ будуць вырашаць з калегамі з Літвы і Эстоніі”, – пракаментаваў вынікі сустрэчы Л. Гуляка. Па яго словах, “калі дадзеная ініцыятыва знойдзе падтрымку беларусаў Літвы і Эстоніі, фестываль атрымае ўсебалтыйскую прапіску”.
У мінулыя выходныя ў Рызе прайшоў Другі Міжнародны фестываль беларускай песні. У гэтым годзе ён быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У фестывалі прынялі ўдзел творчыя калектывы беларусаў з Латвіі, Эстоніі і Літвы.
Пад час візіту дэлегацыя наведала беларускую школу ў Рызе. На сустрэчы з кіраўніцтвам гэтай навучальнай установы абмяркоўваліся магчымасці забеспячэння літаратурай, актывізацыі ўдзелу ў вырашэнні праблем школы Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, якая шэфствуе над школай беларусаў у Рызе.
Паводле БЕЛТА ( www . belta . by )
|