Адрыян Севярын: “Усе маі рэкамендацыі былі праігнараваны беларускім урадам”
На працягу 2006 года стан у галіне правоў чалавека ў Беларусі ўвесь час пагаршалася. Пра гэта заявіў спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях стану ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Севярын, прадстаўляючы 12 чэрвеня сваю справаздачу на пятай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе.
“Усе зробленыя мной раней рэкамендацыі былі праігнараваны беларускім урадам,— сказаў А. Севярын. — Але я падкрэсліваю, што ўсе гэтыя рэкамендацыі застаюцца актуальнымі. Будзем спадзявацца, што беларускі ўрад іх выканае”. Пры гэтым ён заўважыў, што трэці год кіраўніцтва Беларусі катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць з ім.
Спецдакладчык адзначыў, што на працягу 2006 года ў Беларусі працягваўся ціск на грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю. А. Севярын канстатуе, што яго вывады і ацэнкі сітуацыі ў краіне былі пацверджаныя і поўнасцю падтрыманыя шмат якімі еўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасці АБСЕ, Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Радай Еўропы, Парламенцкай асамблеяй РЕ, Радай ЕЗ, Еўрапарламентам, Еўракамісіяй і Парламенцкай асамблеяй НАТА.
А. Севярын заклікаў Раду падоўжыць яго мандат спецдакладчыка. “Гэтая пасада — добры знак падтрымцы і салідарнасці з усімі абаронцамі дэмакратыі ў Беларусі”, — сказаў А. Севярын.
Паводле БелаПАН і “Хартыя’97” ( www . charter 97. org )
|