Беларусы ЗША: “Жывём зменамі”
Беларуска-амерыканскае задзіночанне абрала новага старшыню Вячку Станкевіча. Упершыню ў галасаванні брала ўдзел моладзевая арганізацыя. Што зменіцца ў грамадскім жыцці амерыканскіх беларусаў?
Моладзь пра Кангрэс БАЗА
Малады гісторык з Беларусі Мікалай Цімашэнка вучыцца і працуе ў ЗША. У Нью-Йорку ён жыве два з паловай гады – амаль столькі ж гадоў мае і моладзевая арганізацыя, лідэрам якой ён з’яўляецца і якая 26 траўня брала ўдзел у кангрэсе Беларуска-Амерыканскага задзіночання (БАЗА), найстарэйшай беларускай арганізацыі за мяжой, створанай у сярэдзіне мінулага стагоддзя.
М. Цімашэнка: “Для мяне і маіх сяброў гэта было вельмі цікава. У кангрэсе брала ўдзел моладзь з нашай арганізацыі. Моладзі было каля 20% ад агульнай колькасці дэлегатаў. Мы будзем пераймаць справу старэйшых – гэтая справа не павінна памерці, мы будзем несці гэты сцяг і перададзім яго новым эмігрантам, калі яны будуць прыязджаць”.
Беларуска-Амерыканскага задзіночанне на кангрэсе абірала новага старшыню. Было дзве кандыдатуры вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі – Вячкі Станкевіча і шматгадовага старшыні Галоўнай управы Антона Шукелойца. Узрост – яму на пачатку ліпеня будзе 92 гады – зусім не перашкода яго актыўнай дзейнасці, кажа моладзевы лідэр Мікалай: “Спадар Антон – цікавы чалавек, спадар Вячка – цікавы чалавек, абодва людзі вартыя і шаноўныя. Было прыемна і папросту цікава назіраць, змаганне было сапраўды дэмакратычным, адкрытым”.
Мікалай таксама распавёў, што на просьбу моладзі абодва кандыдаты падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы дзейнасці. Кіраўніком Беларуска-амерыканскага задзіночання – старшынёй галоўнай управы – быў абраны Вячка Станкевіч, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі быў абраны ў часе закрытага галасавання з перавагай у два галасы. Ён паходзіць з Вільні, сын аднаго з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў ХХ стагоддзя Янкі Станкевіча.
Цяпер хваля эміграцыі падобна да пачатку 1950-х
Вячка Станкевіч каля 10 гадоў ачольваў Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода, а пасля ініцыяваў і праводзіў разам з ТБМ цыкл семінараў для Беларусі “Я магу жыць лепей”, якія многім дапамаглі адчуць сэнс і значнасць свабоды. Ці азначае абранне новага старшыні ўправы змены ў Беларуска-амерыканскім задзіночанні?
Вячка Станкевіч дзеліцца сваім меркаваннем: “Цяпер хваля эміграцыі крыху падобна да пачатку 1950-х. Жывём зменамі. Тыя ўстановы, якія не змяняюцца, паміраюць. Бо трэба ісці з духам часу. Асноўныя прынцыпы дзейнасці павінны застацца такімі, якія ёсць і цяпер, але спосаб працы і, зразумела, людзі, якія будуць працаваць – у гэтым павінны быць змены. У гэтым дачыненні змены будуць, бо прыходзяць новыя людзі, новыя пакаленні. Але асноўная мэта – служыць Беларусі, хоць бы і за мяжой, – застаецца нязменнай.
Цягам апошніх гадоў значна павялічылася колькасць беларусаў, якія прыязджаюць у Амерыку вучыцца альбо працаваць. Дакладнага ўліку ўсіх гэтых людзей не існуе і ў самой Беларусі. В. Станкевіч мяркуе, што лік ідзе ўжо на тысячы: “Так, вядома, прыязджае моладзь, але не толькі. Бо шмат людзей прыязджае з гэтак званымі “зялёнымі картамі”, і гэта цэлыя сем'і. Цяпер сітуацыя пачынае быць крышку падобнай да часоў 1949 – пачатку 1950-х гадоў, калі БАЗА пачыналася. Бо ёсць цэлы спектр сямейны, не толькі студэнты альбо маладыя людзі шукаюць шчасця ў свеце. Але ёсць і розніца. Бо ў паваенным часе прыязджала цэлая хваля з былых лагераў для перамешчаных асобаў. Цяпер – асобнымі сем'ямі, паасобку. І шмат хто – дзеля эканамічных прычынаў і расплываецца тут у эміграцыйным моры былога СССР. Не такі вялікі працэнт з іх далучаецца да нашых арганізацыяў”.
Змены ў БАЗА
БАЗА стаіць цяпер напярэдадні новых зменаў. Як распавёў В. Станкевіч, новымі будуць метады працы, бо прыязджаюць новыя людзі. Па яго словах, будзе працягвацца праца па лабіраванню беларускіх праблемаў у Кангрэсе ЗША, ну а новая праца і новыя крокі – гэта ня справа яго аднаго, але ўсіх разам. На ягоную думку, варта змяніць і той звычайны для замежжа стан рэчаў, калі “працу сотняў чалавек выконваюць дзесяткі”: Беларуска-амерыканскае задзіночанне будзе пашырацца.
В. Станкевіч дзеліцца планамі дзейнасці: “У ліку асноўных задачаў – па-першае, дапамагчы заснаваць новыя аддзелы арганізацыі па ўсёй Амерыцы. Цяпер нейкая дзейнасць адбываецца пераважна ў Нью-Йорку, Кліўлендзе, Нью-Джэрсі – дарэчы, менавіта там, дзе існавалі цэрквы.
Па-другое – дапамагчы стварыць выканальную культурна-асветную праграму.
І трэцяе – паколькі тысячы людзей прыязджаюць у Амерыку, і ў тыя месцы, дзе беларускай дыяспары раней зусім не было, трэба стварыць умовы, каб мы ведалі, што яны прыязджаюць. Тут магчымая і дапамога такой арганізацыі, як Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
А нам трэба дапамагчы новым тут беларусам асвоіць гэтую чужую для іх краіну. Такім чынам больш іх застанецца пры беларускіх установах і ў свой час, калі гэта будзе магчыма, дапамагчы Беларусі ізноў стаць свабодна на ногі. Так, гэта адзін з самых важных пунктаў нашай будучай дзейнасці. Сфармаваць прыняцце для тых беларусаў, якія прыехалі нядаўна”.
Моладзь БАЗА: “Мы не імкнёмся быць масавай арганізацыяй”
Моладзевая філія БАЗА, якая мае свой асобны статут, ня ставіць на мэце быць масавай арганізацыяй – альбо, магчыма, цяпер і тут плануюцца змены?
Адказвае Мікола Цімашэнка: “Мы зацікаўленыя ў якасных кадрах. У нас няма мэты быць масавай арганізацыяй. Але мы дапамагаем тым людзям, якія да нас звяртаюцца з канкрэтнымі праблемамі. Мы дапамагаем атрымаць пазыку, паступаць ва ўніверсітэты. Тыя, хто толькі прыехаў, мала ведаюць пра ЗША, яны жывуць у палоне ілюзіяў у першыя часы.
Мы кансультуем у эміграцыйных пытаннях, у нас на форуме адкрыты эміграцыйны раздзел. Можна звяртацца з пытаннямі, мы кансультуем бясплатна. Мы дапамагаем і такім чынам мацуем нашу грамаду”.
Беларускі моладзевы рух
Нязгода ў той ці іншай ступені існуе ва ўсіх эміграцыйных асяродках. У гэтым вінавацяць часам беларускія спецслужбы, часам – няздольнасць саміх людзей перамагчы мінулыя канфлікты і ўласныя амбіцыі.
У ЗША ёсць і іншыя моладзевыя беларускія арганізацыі. Актыўна працуе Беларускі моладзевы рух – як у віртуальнай, так і ў рэальнай прасторы. Апрача іншага, 3 чэрвеня створаны гэтым Рухам Беларускі музей мастацтва арганізаваў персанальную выставу вядомага беларускага мастака Міколы Купавы ў Нью-Йорку. Беларускі моладзевы рух Амерыкі дапамагае змагацца з хакерскімі нападамі на сайт Беларуска-амерыканскага задзіночання, якія дасюль працягваюцца.
“Кантакты ёсць увесь час, бо “круцімся” на тым самым месцы. Бываем на тых самых пратэстах, дэманстрацыях. Сустракаемся ў царкве і ў справах царквы. Але такога фармальнага супрацоўніцтва няма, бо гэта розныя арганізацыі.
Але заўсёды ёсць жаданне працаваць разам на карысць Беларусі, і каб было як найменей такіх унутраных разыходжанняў, а як найболей рабіць карыснае для Беларусі”, – кажа В. Станкевіч.
Віртуальная глабальная моладзевая супольнасць
Тая беларуская моладзь у Амерыцы, якую не прывабліваюць традыцыйныя формы арганізацыі і якая сваю грамадскую актыўнасць рэалізуе ў віртуальнай прасторы, не бярэ звычайна ўдзелу ў імпрэзах БАЗА. “Мы не далучаемся да старых арганізацыяў дыяспары”, – кажа адна з актывістак беларускай віртуальнай супольнасці Міхаліна, якая жыве ў Вашынгтоне:
“Напэўна, праблема ў тым, што старая дыяспара працуе даволі павольна, а моладзевы максімалізм, аптымізм, бурлівая дзейнасць проста не могуць змяшчацца ў межах павольнасці старой дыяспары.
Старэйшае пакаленне больш скіраванае на фізічны кантакт – то бок на імпрэзы, сходы. Сайты у іх статычныя. Моладзь ідзе больш дынамічным шляхам, які дазваляюць сучасныя тэхналогіі.
У нас і становішча рознае – для нас не стаіць настолькі востра праблема захавання беларускай самаідэнтыфікацыі, мы не баімся асіміляцыі, мы не адрываліся ад Беларусі і мы – не эмігранты.
А цяпер мы хочам злучыць моладзевых актывістаў за мяжой і ў самой Беларусі, думаю, гэта будзе пазітыўным момантам у дзейнасці і самой дыяспары.
Пакуль што існуе адрозненне паміж старэйшай і маладзейшай дыяспарамі, не магу сказаць, што ёсць шчыльнае супрацоўніцтва. Існуе пэўная насцярожанасць з боку старэйшых адносна моладзі, але, думаю, гэта з часам пройдзе, калі мы пакажам, што можам сапраўды працаваць і стацца сапраўднай зменай старэйшай дыяспары”.
Новы старшыня БАЗА Вячка Станкевіч актыўна карыстаецца інтэрнэтам кожны дзень, разумее яго магчымасці – як ён ставіцца да грамадскай дзейнасці ў сеціве?
“Я бачу карысць гэтага, але і бачу, што віртуальныя ўстановы, як і віртуальныя кантакты могуць стацца віртуальнай працай. А хацелася б, каб праца была канкрэтнай. Мне здаецца, што тыя, хто думае, што можна працаваць толькі ў віртуальнай прасторы, пераканаецца, што калі патрэбныя вынікі, то патрэбныя таксама і блізкія чалавечыя адносіны, а ня толькі электронныя”, – кажа сп. Станкевіч.
“Усё будзе бачна пад час працы”
Тая моладзь, для якой цікавыя традыцыйныя формы грамадскай працы і якая брала ўдзел у кангрэсе БАЗА, далучылася да каманды новага лідэра. Гражына Залеўская кажа, што ёй падабаецца такая праца:
“На кангрэсе на кожным з нас была вялізарная адказнасць. Гэта быў вельмі складаны выбар. З аднаго боку – вельмі мной паважаны Антон Шукелойц, сапраўды чалавек-гісторыя. З другога – Вячка Станкевіч – энергічны, эмацыйны, поўны ідэяў.
Галоўнае заставацца маладым у душы, і няважна, колькі чалавеку гадоў. І змены – гэта заўсёды добра, калі мы будзем ісці наперад. Я зычу Вячку Станкевічу ісці наперад, дай яму Бог здароўя, плёну на карысць нашай беларускай справы ў Амерыцы і нашай Бацькаўшчыны.
Я вельмі задаволеная, што Вячка Станкевіч прыняў такое рашэнне – ўзяць у сваю каманду моладзь, таму што моладзь – гэта заўсёды новыя ідэі. А ўсё будзе бачна падчас працы, таму – хай дапаможа нам Бог!”
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|