Ствараецца партыя ўлады?

19 траўня рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту і дэпутат Савету рэспублікі Вітольд Песціс на канцэрце “За квітнеючую Беларусь” у Гродна выступіў з ініцыятывай стварэння па ўсёй краіне пярвічных арганізацыяў грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

У інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” Вітальд Песціс заявіў: “Белая Русь” стала моцнай жыццяздольнай арганізацыяй, якая на справе з’яўляецца апорай прэзідэнту РБ. Мы знайшлі годнае месца ў грамадска-палітычным жыцці вобласці, прызнанне і падтрымку насельніцтва. У гэтай сітуацыі неабходна нарошчваць патэнцыял удзелу “Белай Русі” ў рашэнні агульнадзяржаўных задач”.

Прыкладна з таго самага часу “пярвічкі” арганізацыі пачалі стварацца па ўсёй краіне. З’явілася інфармацыя і пра тое, што бліжэйшым часам у сталіцы мае прайсці агульнарэспубліканскі з’езд “Белай Русі”. Падборам дэлегатаў на з’езд займаюцца ідэалагічныя аддзелы райвыканкамаў.

Устаноўчыя сходы “Белай Русі” прайшлі ў Воршы, Бешанковічах, Барысаве, Крупках, Гарадку, іншых гарадах.

5 чэрвеня стала вядома, што за стварэнне ў іх рэгіёне арганізацыі “Белая Русь” выступілі 15 жыхароў Гомельшчыны .

Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” была створанае ў ліпені 2004 г. у Гродна з мэтай “падтрымкі палітычнага курсу краіны, аб’яднання прагрэсіўных сілаў грамадства на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі сёння “Белая Русь” налічвае 12 тысяч сяброў арганізацыі, а таксама амаль 800 “пярвічак” па вобласці. Палова дэпутатаў абраных сёлета на мясцовых выбарах на Гарадзеншчыне з’яўляюцца сябрамі “Белай Русі”.

Практычна па тым самым сцэнары некалі стваралася моладзевая дзяржаўная арганізацыя БРСМ. Выглядае, што цяпер улады вырашылі стварыць агульнарэспубліканскую арганізацыю і для больш сталых грамадзян.

Паводле “Нашай Нівы” ( www . nn . by )

‹‹ на галоўную | у архіў