“Беларусь, якой не паказвае Беларускае тэлебачанне”
Рух “За Свабоду” аб’явіў конкурс аматарскіх мікрафільмаў, прысвечаных жыццю беларусаў. “Называецца конкурс “Беларусь, якой не паказвае Беларускае тэлебачанне”. Усе, у каго ёсць якая-небудзь апаратура для відэазапісу, могуць паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёра і журналіста”, – гаворыць Юля Коцкая, прэс-сакратар руху “За Свабоду”.
Ю.Коцкая: “Сутнасць гэтага конкурсу – данясенне альтэрнатыўнай інфармацыі, якой, на жаль, мы не бачым і не маем у Беларусі, да гледача. А па-другое, заангажаваць і актывізаваць як мага большую колькасць людзей і даць ім магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёра, у ролі журналістаў, людзей, якія даносяць інфармацыю.
Адметнасць гэтага конкурсу ў тым, што, акрамя магчымасці паказаць альтэрнатыўную інфармацыю той, якую паказвае БТ, гэтая інфармацыя будзе яшчэ, па сутнасці, вельмі разнастайнай і рознабаковай. Таму што здымаць гэтыя фільмы могуць людзі абсалютна розныя – па партыйнай, палітычнай, прафесійнай прыналежнасці. То бок мы атрымаем вельмі рознабаковую карціну, як хто бачыць Беларусь. Тэмы могуць быць абсалютна розныя.
Адна абагульняючая тэма – гэта “Беларусь, якой не паказвае БТ”. Дарэчы, гэтыя фільмы маюць быць вельмі кароценькімі...
Гэта звязана з тым, што мы выкарыстоўваем канал YouTube, папулярнасць якога вельмі вялікая зараз, таму што толькі гэты канал мае больш за мільён гледачоў. Але там ёсць тэхнічныя абмежаванні – да 10 хв. і 100 МБ. Фільмы будуць грузіцца на канал, а спасылкі дасылацца нам. Мы іх таксама будзем вывешваць на сваім сайце і рэкламаваць.
Фільмы будуць ацэньвацца па двух кірунках – гэта іх рэйтынг у інтэрнэце, колькі гледачоў, колькі людзей іх ацанілі і наведалі, апрача гэтага створанае прафесійнае журы, якое таксама будзе ацэньваць вынікі конкурсу. Лепшыя ролікі будуць змешчаныя на старонцы конкурсу, пераможцы атрымаюць ад нас падарункі, і, магчыма, будуць выдадзеныя відэадыскі з найлепшымі ролікамі.
Інфармацыя пра конкурс будзе знаходзіцца ўвесь час на сайце milinkevich.org. Там будзем таксама змяшчаць спасылкі тых ролікаў, якія нам будуць дасылацца. Механізм рэгістрацыі і запампоўкі на сайце YouTube.com даволі просты, гэта можа зрабіць кожны. Адзіная ўмова – доступ да інтэрнэту. Мы не маем іншых сродкаў дэманстраваць нашы фільмы і нашу прадукцыю.
Нагадаем, фільмы можна загрузіць на відэасэрвіс YouTube.com, а спасылку прыслаць на адрас info@milinkevich.org да 20 ліпеня”.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
(www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|