Забыты пясняр савецкай эпохі

Cёння 102-гі дзень народзінаў Петруся Броўкі — народнага паэта Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Сталінскіх прэміяў другой і трэцяй ступені, лаўрэата Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР, шматлікіх літаратурных прэміяў імя Якуба Коласа, Янкі Купалы, стваральніка Беларускай энцыклапедыі. Аблашчаны ў свой час уладай, ён абсалютна забыты цяпер.

Незаўважна, ціха, два гады таму прайшоў ягоны 100-гадовы юбілей. Летась фактычна знішчаная галоўная справа ягонага жыцця – выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, у якога адабралі будынак і ў шэсць разоў скарацілі штаты.

Цяпер хіба што выдатнікі вучобы ды літаратары сталага веку ўзгадаюць хрэстаматыйныя Броўкавы творы “Пахне чабор”, “Голас сэрца” альбо “Александрыну” (дзякуючы “Песнярам”). Малады паэт, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль апублікаваў нядаўна ў часопісе “Архэ” эсэ “Футурыст Пятрусь Броўка”: “Чым ён цяпер можа зацікавіць? Дык гэта тым, што меў дачыненне да беларускіх авангардных суполак, у прыватнасці, да “Мастацкай камуны”. Гэта першая ў Беларусі суполка, якая дэкларавала авангардысцкія прынцыпы, футурыстычныя, у прыватнасці. Тое, што рабіў Пятрусь Броўка, гэта някепска было, прынамсі...”

“Начальства ўсё роўна кніг не чытае”

Некалі Броўка пачуў, калі засядаў у ААН, што толькі тая дзяржава лічыцца цывілізаванай, якая мае герб, сцяг і энцыклапедыю. І ён сказаў – мы будзем рабіць нацыянальную энцыклапедыю. Драматург, кандыдат гістарычных навук Алесь Петрашкевіч узгадвае: “Ён сабраў бліжэйшых да сябе людзей – Скрыгана, Казеку, мяне, і яго ўдарная такая фраза была: “Хлопцы, па магчымасці будзем рабіць энцыклапедыю чэсную, праўдзівую”. Паўза. І кажа: “Бо начальства ўсё роўна кніг не чытала, не чытае і чытаць, пэўна, не будзе”. Так мы яе і зрабілі. І ў чырвонай энцыклапедыі больш праўды напісана, чым напісана ў сучаснай 17-томнай. І рэабілітаваных далі, і пра расійска-беларускія войны, і пра магнацкія роды... Адкрыўся кантынент нязведанай Беларушчыны. Вельмі скрушна, што мы не маем такога Броўку і не маем ужо выдавецтва “Беларускай энцыклапедыі”...

“Ён быў у першую чаргу беларусам”

Востраму пяру Рыгора Барадуліна прыпісваюць шматлікія эпіграмы, прысвечаныя беларускім літаратарам. І пра Шамякіна, які “пыкаў-мыкаў”, і пра Гілевіча, які “высокі”, і пра Быкава, які “вялікі”. І пра Броўку, які “піша лоўка і даўно”... Рыгор Барадулін насамрэч вельмі высока ацэньвае заслугі Петруся Броўкі:

“Броўка быў афіцыйным савецкім паэтам. Але пры ўсім пры тым, ён быў дужа беларусам, і дужа стараўся зрабіць усё, што можна было ў тых умовах для беларускай справы. Адно тое, што яму ўдалося стварыць першую Беларускую энцыклапедыю, будынак сам выбіць – можаце ўявіць, як гэта нялёгка было! Яму пры жыцці помнік трэба было паставіць за гэта. Так што, што б пра яго ні гаварылі: “спявак, пясняр савецкай эпохі”, ён быў у першую чаргу беларусам”.

Паводле Радыё “Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў