Выстава беларускага мастака Міколы Купавы адкрылася ў Нью-Йорку
3 чэрвеня Беларускі Музей у Нью-Йорку адкрыў персанальную выставу знакамітага беларускага мастака Міколы Купавы. Выстава “Постаці зямлі Беларускай” — першая ў сваім родзе культурная акцыя, прысвечаная юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа на Амерыканскім кантыненце.
Перад гасцямі выставы выступіў лідэр КХП-БНФ Зянон Пазняк і кіраўнік Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Вітаўт Кіпель. Яны распавялі пра гісторыю развіцця беларускага мастацтва як на Беларусі, так і на эміграцыі, павіншавалі мастака з адкрыццём выставы і ўручылі падарункі. Ад імя беларусаў Нью-Йорка мастака прывітаў спадар Мікалай Сагановіч. Афіцыйную частку закончыў спадар Сяржук Сокалаў-Воюш, які не толькі павіншаваў мастака, але і выканаў песню. Пасля гэтага Мікола Купава азнаёміў прысутных з прадстаўленымі працамі.
Мікола Купава – мастак ярка выражанай беларускай нацыянальнай тэматыкі. Ягонаму пэндзлю і разцу належаць такія вобразы як Вялікі полацкі князь Усяслаў Чарадзей, княгіня Рагнеда і князь Ізяслаў, Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. Асобнае месца ў творчасці М. Купавы займае распачатая серыя Вялікія князі ВКЛ, беларускія палкаводцы, а таксама дзве вялікія нізкі “За волю, роўнасць, незалежнасць!”, прысвечаныя паўстанню пад кіраўніцтвам Андрэя Тадэвуша Касцюшкі, і графічная серыя “Cейбіты вечнага”, прысвечаная паўстанню 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Але надзвычайнае месца ў творчасці мастака займае тэма Янкі Купалы і Якуба Коласа – вялікіх беларускіх песняроў. Над гэтымі творамі майстар працуе, пачынаючы ад 1980 года. У выніку з’явіліся партрэты паэтаў, краявіды іх родных мясцінаў ды ілюстрацыі да іх твораў.
Мастак браў удзел болей як у 70 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны Беларусі, у Дзяржаўным літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Мінскім абласным музеі ў Маладзечна, у Музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны, у Музеі-запаведніку “Заслаўе”.
Выстава Міколы Купавы — другая па ліку, якую ладзіць Беларускі Музей у Нью-Йорку. Яна будзе працаваць у грамадскай залі Сабора Святога Кірылы Тураўскага да пачатку ліпеня.
Паводле www.belmuseum.org
|