Пратэстанцкага пастара А.Бокуна пакаралі трыма суткамі арышту
Суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў пастара пратэстанцкай царквы Яна Хрысьціцеля, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Антонія Бокуна арыштам на трое сутак за правядзенне несанкцыянаванага ўладамі набажэнства.
Пастара затрымалі 3 чэрвеня падчас набажэнства, якое адбывалася ва яго ўласным доме, судзілі пасля таго, як вынеслі пакаранне затрыманым удзельнікам флэш-мобу супраць скасавання льгот. Вернікі царквы, а таксама бацькі пастара, ягоная цяжарная жонка з пяцігадовым сынам Адамам чакалі суду ад 10-й раніцы. Толькі а палове на восьмую пачаўся суд.
А. Бокуна абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага набажэнства. Пастар патлумачыў суддзі Таццяне Паўлючук, што ўлады дазвол на набажэнства не даюць, а вернікам трэба збірацца кожную нядзелю. Пастар у судзе патлумачыў, што тыдзень таму святара ўжо затрымлівалі і пакаралі штрафам 620 тысяч рублёў паводле аналагічнага абвінавачання.
Суддзя Т. Паўлючук пастанавіла ўлічыць тэрмін затрымання пастара ад нядзелі. Такім чынам, А. Бокун выйдзе на волю раніцай 6 чэрвеня, у 11:45 раніцы.
Пастары іншых пратэстанцкіх цэркваў, якія прыйшлі на суд, заявілі, што пакаранне А. Бокуна ёсць сведчаннем таго, што беларускія ўлады правакуюць рэлігійную варожасць і напружанасць у грамадстве.
Паводле Радыё “Свабода”
|