Больш за 100 магілёўскіх донараў адмаўляюцца здаваць кроў

У Магілёве пачынаецца масавы пратэст донараў. Больш за 100 ганаровых донараў Беларусі выказалі намер пачаць забастоўку на знак пратэсту супраць адмены льгот.

“Спачатку мы правядзем папераджальную забастоўку, — кажа ганаровы донар Беларусі Ігар Каваленка. — Цягам тыдня не будзем хадзіць на абласную станцыю пералівання крыві. Калі гэта не дасць вынікаў, пачнем бестэрміновую забастоўку. Будзем з’яўляцца на пункты здачы крыві толькі ў выпадках, калі кроў будзе патрэбная дзецям ці людзям, чыё жыццё ў небяспецы”.

Пратэст выкліканы адменай большасці льгот. Такіх як 50-адсоткавая зніжка на пратэзаванне зубоў, 50-адсоткавая зніжка на лекі ды 40-адсоткавая прыбаўка да пенсіі.

“Людзі, якія рэгулярна здаюць кроў, у нейкім сэнсе ахвяруюць сваім здароўем, — абураецца спадар Каваленка. — Напрыклад, у часе здачы плазмы арганізм губляе кальцый, разбураюцца зубы... Таму зніжка на пратэзаванне была ўзятая не з неба”.

Ганаровыя донары кажуць, што такая радыкальная форма пратэсту была абраная ад безвыходнасці. Маўляў, гэта адзіны спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу, бо па-іншаму чыноўнікі і вухам не вядуць.

Нагадаем, 23 траўня Палата прадстаўнікоў амаль аднагалосна прыняла Закон аб адмене бальшыні льгот, у тым ліку студэнтам, пенсіянерам ды ліквідатарам Чарнобыльскай катастрофы. 28 траўня гэты Закон ухваліў Савет Рэспублікі.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/ )

‹‹ на галоўную | у архіў