Вернікі моляцца за свабоду веравызнання
3 чэрвеня ў 18.00 у мінскай царкве “Боская ласка” адбудзецца агульнагарадская малітва евангельскіх хрысціян.
Вернікі будуць маліцца за магчымасць правядзення набажэнстваў зарэгістраванымі суполкамі ў жылых ды іншых памяшканнях, а таксама за тое, каб жылыя памяшканні можна было пераводзіць у культавыя.
Апроч малітвы, вернікі маюць прыняць зварот да кіраўніка Беларусі.
Гэта рэакцыя евангельскіх хрысціян на арышт пастара царквы пяцідзесятнікаў Антонія Бакуна 27 траўня гэтага году падчас святочнай богаслужбы. Яго абвінавацілі ў “правядзенні рэлігійнага сходу без спецыяльнага дазволу”. У сваю чаргу іншы прапаведнік евангельскай царквы – грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік атрымаў загад пакінуць Беларусь і забарону ўезду на тэрыторыю краіны на 5 гадоў.
29 траўня біскуп Аб’яднанай царквы ХВЕ ў Беларусі Сяргей Хоміч у адкрытым звароце ў ГУУС Мінгарвыканкаму адзначыў, што “гэтыя падзеі паказваюць неабходнасць перагляду рэлігійнага заканадаўства дзеля прывядзення яго ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Беларусі”.
Паводле “Польскае радыё для замежжа” (ttp://www.polskieradio.pl/zagranica/by) і “Нашай Нівы” ( www . nn . by )
|