Беларуская школа ў Рызе працягвае працу
19 мая ў школах Латвіі прагучаў апошні школьны званок. Ён абвясціў аб заканчэнні заняткаў, а таксама нагадаў аб тым, што наперадзе адказная пара – выпускныя экзамены.
Асабліва святочна гучаў ён для калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы. Менавіта ў гэты дзень сталі дакладна вядомыя вынікі атэстацыйнай камісіі, якая згодна Закона аб адукацыі Латвіі, павінна была разглядзець працу калектыву школы, каб вынесці рашэнне аб яе чарговай акрэдытацыі.
З гэтым адказным экзаменам, ад якога залежаў лёс не толькі школы, але і беларускай асветы ў Латвіі, беларускія педагогі справіліся паспяхова. Рыжская беларуская асноўная школа атрымала акрэдытацыю на максімальна магчымы тэрмін у адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам – на шэсць гадоў.
Гэта азначае не толькі тое, што да 2013 навучальнага года школа будзе навучаць беларускіх дзяцей – жыхароў латвійскай сталіцы. Гэта дае магчымасць спадзявацца, што ў беларускай школы ёсць будучыня. І, магчыма, не за гарамі той дзень, калі апошні школьны званок будзе гучаць не толькі для нашых дзевяцікласнікаў, але і для выпускнікоў беларускай сярэдняй школы.
Адначасова з акрэдытацыяй школы праводзіцца і атэстацыя кіраўнікоў навучальных устаноў. Нашы шчырыя віншаванні дырэктару Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганне Уладзіславаўне Іванэ. Свой галоўны экзамен педагога і кіраўніка, яна вытрывала з годнасцю. Сведчаннем таго – таксама права на працягу максімальна магчымага тэрміну – шасці гадоў займаць дырэктарскую пасаду.
Наперадзе ў выпускнікоў Рыжскай беларускай асноўнай школы – цэнтралізаваныя дзяржаўныя экзамены. Віншуем калектыў школы з паспяховай акрэдытацыяй і жадаем беларускім школьнікам паспяховай здачы выпускных экзаменаў!
Паводле www.svitanak.lv
|