Беларускія католікі звярнуліся па дапамогу да Папы Рымскага Бенедыкта XVI.
Група рыма- і грэка-каталікоў – грамадcкіх ды культурных дзеячаў Беларусі – звярнулася з адкрытым лістом да Папы Рымскага Бенедыкта XVI з просьбаю аб дапамозе ў захаванні і вяртанні вернікам касцёла святога Язэпа.
У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: “Мы, беларускія хрысціяне – грамадскія і культурныя дзеячы, звяртаемся да Вас з просьбаю аб малітоўнай дапамозе ў зберажэнні ад знішчэння ў сталіцы Беларусі адзінага касцёла з кляштарным комплексам XVII стагоддзя, які не паспелі знішчыць царскія і савецкія атэістычныя ўлады”.
Аўтары звароту адзначаюць, што ў Беларусі ў цэлым і Мінску адчуваецца вялікі недахоп святыняў для вернікаў. У Мінску, дзе каля двух мільёнаў жыхароў, дзейнічае ўсяго чатыры касцёлы.
Ліст падпісаны такімі вядомымі асобамі, як Рыгор Барадулін, Аляксей Марачкін, Андрэй Дынько, Юры Хадыка, Алесь Бяляцкі, Іна Кулей, Віктар Івашкевіч, Сяргей Харэўскі. Усяго подпісы пад зваротам паставілі 19 чалавек.
У змаганні за храм удзельнічаюць не толькі католікі, але і праваслаўныя, пратэстанты, вернікі іншых канфесій.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|