Каля мястэчка Бобр ушанавалі памяць удзельніка Слуцага збройнага чыну

У сімвалічнай акцыі прынялі ўдзел праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Пушкін ды Юрась Палякоў, дызайнер Юрась Мяккі, грамадскія актывісты Алесь Мазур і Анатоль Аскерка.

Пра Юрку Моніча распавёў Вячаслаў Сіўчык: “Юрка Моніч быў адным з самых паспяховых беларускіх партызанаў. Нарадзіўся у 1890 годзе. Выйшаў з сялянскай сям’і, вывучыўся на настаўніка і быў мабілізаваны на фронт. Вучыўся вайсковаму майстэрству, за асабістую мужнасць атрымаў георгіеўскі крыж. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Пасля смерці Лукаша, аддзел пад камандаваннем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна.

У Барысаўскім павеце партызаны кантралявалі некалькі валасцей. І цяпер у гэтай мясцовасці ўзгадваюць добрым словам монічаўцаў, што ў часы харчразвёрсткі баранілі сялян і раздавалі ім харч. Найбольш яскравую акцыю Моніч зладзіў у 1923 г., калі спыніў цягнік “Бэрлін-Масква”, у якім ехалі ангельскія, французскія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Апошнім у прысутнасці дыпламатаў на загад Моніча далі па сорак шомпалаў. Гэта выклікала істэрыку ў Маскве і сюды выслалі карны аддзел ГПУ, які ў 1924 г. ліквідаваў партызанскі атрад.

Юрка Моніч загінуў 23 траўня таго году. Яго знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках. З таго часу лес, у якім атабарыліся партызаны, завуць Монічавым. Па яго смерці пайшла традыцыя на соснах выразаць крыжы”. Сёлета, таксама на сасне, быў усталяваны шасціканцовы крыж з подпісам “Юрка Моніч. 1890—1924. Змагару за Беларусь”.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў