Павел Севярынец і Мікола Статкевіч на волі

Асуджаныя на два гады “хіміі” за арганізацыю масавых беспарадкаў Павал Севярынец і Мікола Статкевіч выйшлі на волю датэрмінова за “ўзорныя паводзіны”. Некалькі разоў на працягу году суд адмаўляў ім права ў датэрміновым вызваленнем, спаслаўшыся на адсутнасць пакаяння ва ўчыненым злачынстве.

Самі, цяпер ужо былыя палітвязні, лічаць, што ўлады іх абмянялі на гандлёвыя прэферэнцыі Еўрасаюзу, якія афіцыйны Мінск можа страціць у сувязі з парушэннем правоў чалавека.

Павел Севярынец адзначае, што чакаў кроку ад уладаў: “Калі шчыра – чакаў. Справа ў тым, што бліжэйшым часам будуць разглядацца ў Еўразвязе пытанні па прэферэнцыях. Адмена прэферэнцый для Беларусі. І рэжым відавочна быў зацікаўлены ў тым, каб ісці на саступкі Захаду. Гэта сур’ёзныя грошы і сур’ёзныя пытанні для рэжыму. Каб не вызваляць за пакаянне і выпраўленне шляхам прызнання сваёй віны, паколькі такая фармулёўка ў іх не прайшла і два месяцы таму я адмовіўся размаўляць на гэтую тэму, то знайшлася фармулёвачка для загаду з Мінску: за добрыя паводзіны”.

Мікола Статкевіч не лічыць сваё вызваленне крокам добрай волі ўладаў. Ён мяркуе, што яго і Севярынца абмянялі на 400 мільёнаў еўра. Роўна столькі можа зарабіць Беларусь, калі Еўрасаюз не скасуе адносна Мінску гандлёвыя ільготы.

М. Статкевіч: “Гэта нагадвае выкуп закладнікаў. Нашы ўлады нават пераплюнулі нігерыйскіх тэрарыстаў, якія за скрадзеную беларуску атрымалі 1 млн. даляраў. Тут жа яны хочуць атрымаць 400 млн. еўра. Гэта не вельмі мне падабаецца, бо калі пачынаюць плаціць тэрарыстам, то закладнікаў будзе болей”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
і “Еўрапейскага радыё для замежжа” ( www . belradio . fm )

‹‹ на галоўную | у архіў