Дзесяць тысяч беларусаў за ўнясенне зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”
З 22 красавіка па 16 траўня ў Беларусі сабрана больш за 10 тысяч подпісаў за ўнясенне зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.
Прэс - сакратар каардынацыйнага цэнтра кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення Сяргей Луканін паведаміў, што прамежкавыя вынікі кампаніі былі агучаны на пасяджэнні цэнтра, якое адбылося 16 траўня ў Мінску. Паводле яго слоў, кампанія праходзіць больш чым у 30 гарадах краіны.
“Удзельнікі пасяджэння адзначылі ўзмацненне ціску на вернікаў, пра што сведчыць забарона на правядзенне набажэнстваў клірыка Свята - Пакроўскай праваслаўнай царквы сталіцы айца Аляксандра Шрамко і высылка з Беларусі замежных святароў. Так, з канца мінулага года па гэты час з краіны высланы больш за 25 замежных місіянераў. Прычым большасці з іх інкрымінуецца дзейнасць, якая пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі. Удзельнікі пасяджэння звярнулі ўвагу на тое, што гэтая фармулёўка выкарыстоўваецца з 2001 года ў сувязі з прыняццем канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, дзе дзейнасць замежных рэлігійных арганізацый і святароў на тэрыторыі краіны ўяўляе сабой пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі ў гуманітарнай галіне”, — сказаў С.Луканін.
Кампанія па зборы подпісаў, па словах арганізатараў, выходзіць за рамкі рэлігійных арганізацый і набывае ўсё больш грамадзянскі характар.
Нагадаем, што арганізатары кампаніі разлічваюць сабраць не менш за 50 тысяч подпісаў пад адкрытым зваротам да кіраўніка дзяржавы, Канстытуцыйнага суда, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, які дзейнічае з канца 2002 года.
Паводле “Нашай Нівы” ( www . nn . by ) і БелаПАН
|