Бліц-апытанне на тэму “ дзе вам не хапае беларускай мовы” правяла беларуская “Камсамолка”.
Дзе вам не хапае беларускай мовы? Бліц-апытанне на гэтую тэму правяла беларуская “Камсамолка”.
Іван Міско, скульптар: “Мне вельмі не хапае беларускай мовы ў стасунках. Я вучыўся ў беларускай школе і раней размаўляў толькі па-беларуску. А потым мяне забралі ў армію. І там ад мовы мяне адвучылі. Часта мяне клічуць выступаць на радыё ці тэлебачанне. Трэба казаць па-беларуску, а ў мяне атрымліваецца трасянка. Вельмі сорамна”.
Стэфан Эрыксан, кіраўнік мінскага аддзялення пасольства Швецыі ў Маскве: “Для таго каб вывучыць мову, трэба шукаць сферы яе ўжывання. Таму я стаў шукаць “беларускамоўную” музыку. Яе, канечне, не паказваюць на дзяржаўным тэлебачанні, але яна ўсё ж ёсць, Інтэрнэт ёсць. Трэба чытаць. Я стаў знаёміцца з беларускай літаратурай, прэсай. А галоўнае – размаўляць з людзьмі. Я магу сказаць, што магчымасць такая ёсць. Я кожны дзень размаўляю з кім-небудзь па-беларуску”.
Святлана “Бенька” Бень, вакалістка групы “Серебряная свадьба”, рэжысёр Тэатра лялек: “Прынцыпова трэба, каб усе афіцыяльныя штукі былі па-беларуску: шыльды, назвы вуліц, аб’явы… Я – за “паказуху”, каб чалавек з-за мяжы глядзеў “незамыленым вокам” і разумеў, што ў гэтай краіне мову паважаюць. Хаця ў свядомасці сярэдняга беларуса дзяржаўная мова – руская. Я песіміст, мне падаецца, мы ўжо прафукалі беларускую мову, усведамленне сябе як нацыі. Геаграфічна – Беларусь, але да нацыі, у тым ліку і я, сябе не далучаем. Адрадзіць мову можна толькі жорсткімі мерамі, мякка ўжо не атрымаецца”.
Людміла Дуброўская, кінарэжысёр: “Лепей б у жыцці ўсе беларусы размаўлялі па-беларуску. А рускую мову проста ведалі. Гэта б было карысна для культуры, народнай памяці і гісторыі…”
Святлана Рудалава, прызёр чэмпіянатаў свету па мастацкай гімнастыцы: “Стасункаў мала на беларускай мове. Рэдка сустракаеш людзей, якія добра на ёй размаўляюць. Шкада. Чалавек павінен умець добра размаўляць на роднай мове. Беларускай мовы нельга саромецца, яна вельмі прыгожая”.
Алена Міхайлава, маці дваіх дзяцей: “Мне не хапае не самой беларускай мовы, а яе граматнага выкладання ў школе. На занятках беларускай мовы настаўніца размаўляе з дзецьмі па-руску, ці на жахлівай трасянцы. Ці можна чакаць, што дзеці вывучаць беларускую мову, калі настаўніца кажа: “Няхай ваши радытали придут в школу!” – гэтую фразу я чула асабіста!
Андрэй Стрыха, капірайтар у рэкламным агенцтве: “Назвы вуліц на картах павінны быць напісаны па-беларуску, ці хаця б на двух мовах. А тое прызначаеш кліенту сустрэчу, напрыклад на праспекце Пераможцаў, ён шукае патрэбны праспект на карце, а такога няма. Чалавеку, які не ведае беларускай мовы, цяжка здагадацца, што “Побед ителей ” і “Пераможцаў” адно і тое ж”.
Паводле “Комсомольской правды в Белорусс ии ” (minsk.kp.ru)
|