Апекуны Вікі Мароз не супраць, каб яна паехала да італьянскіх “бацькоў”

З падпісаннем дамовы паміж Італіяй і Беларуссю беларускія дзеці зноў пачалі выязджаць на адпачынак у Італію. Ці здолее выехаць туды Віка Мароз, сітуацыя з якой і стала прычынай скандалу?

Кіраўнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Георгій Бутрым не бачыць для гэтага асаблівых перашкод. Нават калі запрашэнне дашле сям’я, “вінаватая” ў леташнім скандале.

Г. Бутрым: “Я не думаю, што тут могуць быць нейкія перашкоды. Хаця паводзіны сям’і насцярожвалі тады і насцярожваюць зараз. Гэта трэба дэталёва ўсё разгледзець. Магчыма, апекуны могуць пярэчаць. Нават самыя лепшыя памкненні даць сям’ю дзіцю-сіраце павінны адбывацца ў межах закону. Паводзіны сям’і Джуста-Барначына былі неадэкватныя і іх меркаванні наконт Вілейскай школы-інтэрната – надуманыя ”.

Тым не менш, па словах чыноўніка Міністэрства адукацыі, на шляху Вікі Мароз у Італію можа стаць не толькі адмова на паездку з боку апекуноў, але і з боку ўпраўлення адукацыі Мінскай вобласці.

Апякун дзяўчынкі Алена Васілеўская распавяла, што Віка ўжо адаптавалася ў іх сям’і і адчувае сябе добра.

А. Васілеўская: “Адчувае сябе Віка нармальна, адаптавалася. Але ў школе не вельмі паспявае, бо праграму “не бярэ”.

Італьянскія “бацькі” даволі часта тэлефануюць Віцы. Яна сама адказвае на тэлефанаванні, бо адзіная ў сям’і валодае італьянскай мовай. Апошні раз Джуста-Барначына звязваліся з Жодзіна, дзе зараз жыве Віка, два тыдні таму. Алена Васілеўская кажа, што размовы наконт запрашэння дзяўчынкі на адпачынак пакуль не было. Але яна не будзе супраць такой паездкі.

А. Васілеўская: “Мы не супраць. Яна да іх вельмі прывязалася, і яны яе любяць”.

Атрымліваецца, што адзінай перашкодай для паездкі Вікі ў Італію можа стаць ўпраўленне адукацыі Мінскай вобласці. Першы намеснік кіраўніка ўпраўлення Мікалай Кулеш не супраць замежнага адпачынку Вікі ў складзе групы, але сумняваецца наконт мэтазгоднасці яе новай сустрэчы з сям’ёй Джуста-Барначына.

М. Кулеш: “Наш пункт гледжання такі: калі яна ў складзе групы паедзе, то — так. А калі ў сям’і праводзіць аздараўленне — будзем абмяркоўваць”.

Не пацвердзіў намеснік кіраўніка чуткі, што дзяўчынцы забаронена пакідаць межы краіны.

М. Кулеш: “Адкуль такія чуткі — я не ведаю”.

Летам у сям’і Джуста-Барначына павінна нарадзіцца ўласнае дзіця. Але італьянцы па-ранейшаму мараць удачарыць Віку.

Паводле “Еўрапейскае радыё для Беларусі” ( www . belradio . fm )

‹‹ на галоўную | у архіў