У Мінску будуць судзіць камунізм
“Камунізм — на міжнародны трыбунал”. Пад такой назвай 16 чэрвеня ў Мінску адбудзецца міжнародная канферэнцыя з удзелам вядомых беларускіх гісторыкаў.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў грамадскі камітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як паведаміў сустаршыня камітэту, вядомы беларускі гісторык Ігар Кузняцоў, ініцыятыва аб правядзенні серыі падобных канферэнцый належыць літоўскаму боку, які яшчэ год таму прапанаваў 23 краінам Еўропы ў адзін дзень правесці антыкамуністычныя мерапрыемствы. Аналагічная канферэнцыя яшчэ ў 2000 годзе адбылася ў Вільні. Зараз асуджаць камуністычную ідэалогію будуць па ўсёй Еўропе.
І. Кузняцоў: “Плануецца, што пасля таго, як гэтая канферэнцыя пройдзе сінхронна ў гэтых краінах, усе матэрыялы будуць абагульненыя, перакладзеныя на англійскую мову і накіраваныя ў вядучыя бібліятэкі свету, а таксама ў тыя органы, якія займаюцца рашэннем гэтых праблемаў”.
Паводле гісторыка, суд над камунізмам нельга разглядаць, як нейкі аналаг Нюрнбергскага працэсу, бо дзеля гэтага няма юрыдычных падставаў. Гэта хутчэй напамін пра тое, што адбывалася пад чырвоным сцягам за савецкім часам.
І. Кузняцоў: “Справа ў тым, што фашызм быў асуджаны на Нюрнбергу, і мы на прыкладзе Нямеччыны бачым, як краіна насамрэч змянілася, цэлыя пакаленні асуджаюць фашызм і прымаюць пэўныя крокі дзеля таго, каб прымірыць народы і аказаць дапамогу тым краінам, якія пакутавалі ад фашызму. У нас жа ніякая дапамога не была аказаная дзяржаваю тым ахвярам, якія пакутавалі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. І цяжка спадзявацца, што гэтая праблема будзе хуткім часам вырашаная, асабліва ў нашай краіне”.
Вядомы беларускі палітык і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што камуністычная ідэалогія павінна быць асуджаная хаця б дзеля таго, каб тыя страшныя часы не паўтарыліся зноў.
В. Сіўчык: “Рэпрэсіі бальшавікоў, у тым ліку і сталінскі перыяд, забралі жыццё шмат беларускіх грамадзянаў. Больш таго, сённяшняе беларускае грамадства пазбаўленае праўды аб тых падзеях. Невыпадкова ў нас адкрываюцца “Лініі Сталіна” і нават сёння адбываюцца палітычныя рэпрэсіі. Таму вельмі важна, каб такая канферэнцыя адбылася ў Мінску, бо тыя, хто няздольныя асэнсаваць сваё мінулае, заўсёды сустракаюцца з негатыўнымі працэсамі ў будучыні”.
Паводле незалежных даследчыкаў, падчас сталінскіх рэпрэсіяў загінулі, альбо былі асуджаныя і высланыя з тэрыторыі краіны больш за 1 мільён беларусаў. Але, па афіцыйнай статыстыцы, расстраляныя былі каля 25 тысяч. І. Кузняцоў упэўнены, што гэтая лічба значна заніжаная.
І. Кузняцоў: “а маіх падліках, на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі былі расстраляныя каля 300 тысяч беларусаў. Гэта толькі расстраляныя, без уліку так званых рэпрэсіяў, якія не праходзяць у якасці юрыдычных”.
Зараз у Беларусі існуюць дзве камуністычныя партыі — Партыя камуністаў Беларуская і Камуністычная партыя Беларусі. Нягледзячы на тое, што першая партыя зараз знаходзіцца ў авангардзе дэмакратычных сілаў, а другая з’яўляецца зацятым апалагетам Лукашэнкі, абедзве палітычныя структуры асуджаюць сталінізм. Але робяць гэта даволі своеасабліва. Напрыклад, кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі КПБ Валер Драко назваў сталінскія рэпрэсіі “памылкай” і “перагібам” тагачаснага кіраўніцтва Савецкага Саюзу.
В. Драко: “Так, былі рэпрэсіі. Так, былі перагібы, але ж усё упіралася ў кадры. Камуністычная партыя дала сваю ацэнку гэтым з’явам. Да таго ж, колькасць ахвяраў значна перабольшаная. Пазняк некалі казаў пра мільёны загінуўшых. Але насамрэч іх было няпоўных 100 тысяч. Хоць я і разумею, што жыццё кожнага чалавека — гэта вельмі важна”.
Сябра Цэнтральнага камітэту ПКБ Сяргей Вазняк кажа, што калі хтосьці жадае асудзіць сталінскія часы, то яны ўжо спазніліся.
С. Вазняк: “Наша партыя гэта ўжо даўно зрабіла. Спачатку гэта зрабіла КПСС у 1956 годзе на сваім 20-м з’ездзе. Потым гэта зрабіла ўжо ПКБ — як пераемніца КПСС на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нават у праграме партыі ў нас адзначаецца, што мы асуджаем рэпрэсіі. Дзеля нас гэтае пытанне зразумелае і сваю пазіцыю па ім мы даўно выказалі”.
Але С. Вазняк цалкам нязгодны з тым, што ўдзельнікі меркаванай канферэнцыі плануюць асудзіць камуністычную ідэалогію цалкам.
С. Вазняк: “Тады трэба пачынаць з хрысціянскай ідэалогіі, бо пад яе штандартамі таксама нямала крыві пралілася. Потым трэба асудзіць ліберальную ідэалогію. Калі ўспомніць французскую рэвалюцыю, то там гільяціны працавалі без перапынку — рубілі галовы арыстакратам”.
Прадстаўнікі камуністычных партыяў былі б згодныя нават прыняць удзел у плануемай канферэнцыі, але пры ўмове, што падчас яе будзе арганізаваная сапраўдная навуковая дыскусія, а не палітычны працэс над прыхільнікамі ідэяў Маркса-Энгельса.
С. Вазняк: “Але такія канферэнцыі, за правіла, праводзяць не гісторыкі, якія здольныя да сур’ёзнага навуковага і гістарычнага аналізу, а ангажаваныя на антыкамунізм прапагандысты. Таму нас гэтае мерапрыемства не цікавіць”.
Варта дадаць, што па выніках канферэнцыі “Камунізм — на міжнародны трыбунал” прымуць адмысловую рэзалюцыю, якая стане часткай агульнага дакумента, які, можа быць, некалі ўвойдзе ў міжнароднае абвінавачванне камуністычнай ідэалогіі.
Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )
|