Беларускай бібліятэцы ў Лондане 36 год
Учора споўнілася 36 год, як была адкрытая Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане. Адкрыў іх 15 траўня 1971 года Роберт Аўты, прафесар параўнаўчай славянскай філалогіі ўніверсітэту Оксфарда, а дабраславіў Архіепіскап Даменік Энрыцы, апостальскі прадстаўнік у Вялікабрытаніі.
Гэта быў вынік працы, якая працягвалася блізу чвэрці стагоддзя, беларускай групы грэка-каталіцкіх святароў. На чале беларусаў стаяў біскуп Чэслаў Сіповіч (1914-1981), апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў візантыйскага абраду. Заўзяты бібліяфіл, ён пачаў збіраць кнігі, калі быў студэнтам у Рыме, з 1938 года. У 1960 годзе, калі ён быў прызначаны біскупам, ён меў ужо дастаткова значную бібліятэку. Біскуп Сіповіч прыняў пасаду ад іншага аматара кніг Льва Гарошкі (1911-1977), які перадаў сваю прыватную калекцыю яму. Менавіта гэтыя кнігі і сталі асновай пачатку працы бібліятэкі.
Скарынаўская бібліятэка і музей у Лондане ўтрымліваюць найбуйнейшую па-за межамі Беларусі калекцыю беларускіх кніг, перыядычных выданняў і музыкі, а таксама літаратуры на беларускую тэматыку на розных мовах. У музеі захоўваюцца калекцыі мапаў, рукапісаў, старадрукаў, манет, паштовых марак, мастацкіх і этнаграфічных вырабаў розных часоў.
Наведванне вольнае. Час наведвання пажадана ўзгадняць па тэлефоне. Калекцыяй можна карыстацца ў чытальнай зале.
Адрас: 37 Holden Road, London, N12 8HS.
Тэл/факс: (44-20) 84455358 (а. Аляксандр Надсан).
Электронная пошта: library@skaryna org.
Вэб-сайт: skaryna.org.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|