Гадавіна рэферэндуму пра змену дзяржаўнай сімволікі
Учора была гадавіна рэферэндуму пра змену дзяржаўнай сімволікі. 12 гадоў таму, 14 траўня 1995 года, быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся пытанні аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў, адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент. У гэты дзень у шмат якіх гарадах Беларусі з’явіліся фактычна сёння забароненыя бел-чырвона-белыя сцягі.
Пра непрызнанне нацыянальнай сімволікі Аляксандр Лукашэнка заяўляў яшчэ за год да прэзідэнцкіх выбараў, у 1993-м: ён паказальна насіў “бээсэсэраўскі”, чырвона-зялёны дэпутацкі значак. А ідэя рэферэндуму была ўпершыню абвешчаная Лукашэнкам на сесіі Вярхоўнага Савету ў сакавіку 1995 года.
11 красавіка дзевятнаццаць дэпутатаў апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазняком у знак пратэсту абвясцілі галадоўку, але былі збітыя ў залі парламенту і выкінутыя з будынка Дому ўраду. Супраць рэферэндуму выступілі шмат якія выдатныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, у тым ліку і Васіль Быкаў.
Прызначэнне рэферэндуму 1995 года адбылося з парушэннем Канстытуцыі, законаў і рэгламенту Вярхоўнага Савету.
Рэферэндум 1995 года не адпавядаў Канстытуцыі, пра што і было заяўлена яшчэ ў часе абмеркавання ў Вярхоўным Савеце. Ён не адпавядаў і “Закону аб усенародным галасаванні (рэферэндуме)”, дзе сказана, што на плебісцыт не выносяцца пытанні, якія закранаюць нацыянальныя каштоўнасці (бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня” і беларуская мова такімі і ёсць). Пытанні аб мове і інтэграцыі з Расіяй парушалі частку 3 артыкулу 3 гэтага закону. Да таго ж пытанні аб сімволіцы і праве прэзідэнта распускаць парламент не мелі юрыдычнай дакладнасці і не давалі магчымасці атрымаць дакладны адказ.
Прызначэнне рэферэндуму адбылася з парушэннем рэгламенту Вярхоўнага Савету (19 дэпутатаў былі збітыя). Сам працэс рэферэндуму таксама праходзіў з парушэннем пакету законаў – “Аб рэферэндуме”, “Аб статусе дэпутатаў” і іншых.
Напрыклад, апаненты Лукашэнкі не мелі доступу да СМІ (рэферэндум супаў з выбарамі ў Вярхоўны Савет, але ўсе згадкі пра рэферэндум у выступах апазіцыйных кандыдатаў выразаліся), і насельніцтва не мела магчымасці, як таго патрабуе закон, атрымаць поўную інфармацыю па ўсіх чатырох пытаннях і прыняць узважанае рашэнне. Мелі месца і зафіксаваныя назіральнікамі фальсіфікацыі на ўчастках непасрэдна 14 траўня.
Усё гэта дало магчымасць дэпутатам БНФ адразу пасля рэферэндуму заявіць, што дэ-юрэ бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” застаюцца дзяржаўным сімваламі.
Вынікаў рэферэндуму Вярхоўны Савет 12-га склікання так і не зацвердзіў. Гэта зрабіў толькі ў 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 склікання. А праз некалькі месяцаў Лукашэнка скарыстаўся пунктам аб праве прэзідэнта распускаць парламент.
Усе краіны-суседзі Беларусі вярнулі сваю гістарычную сімволіку. Тое ж зрабілі і ўсе былыя сацыялістычныя краіны Еўропы. Для вяртання нацыянальных сімвалаў даволі будзе прыняць пастанову аб непрызнанні вынікаў рэферэндуму 1995 года.
Пакуль жа на гадавіну рэферэндуму ў гарадах Беларусі з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. У тым ліку ў Мінску, Баранавічах і іншых, а таксама на трасе “Полацк-Віцебск”.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|