Народныя паэты і пісьменнікі заклікаюць людзей падтрымаць “Малады Фронт”
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі – народныя паэты, пісьменнікі, гісторыкі і літаратуразнаўцы, а таксама лідэры ўсіх палітычных партыяў звярнуліся да грамадскасці з заклікам 30 траўня ў 14 гадзінаў прыйсці ў Савецкі суд на Лагойскі тракт, 3, сталіцы і падтрымаць актывістаў “Маладога Фронту”.
Падаем тэкст звароту.
“Малады фронт не спыніць!
У Мінску ізноў судзяць маладафронтаўцаў.
Рэжым, усталяваны ў Беларусі, працягвае жорстка пераследаваць беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай, дэмакратычнай, незалежнай краіне. Пасля леташніх падзеяў, калі дзесяткі тысяч грамадзянаў, пераважна маладых, выйшлі бараніць свабоду, праўду і справядлівасць на Плошчу Каліноўскага, асноўны ўдар рэпрэсіяў уладная машына скіравала супраць беларускай моладзі. Не маючы ў чым абвінаваціць удзельнікаў негвалтоўнага супраціву, КДБ увёў у крымінальны кодэкс антыканстытуцыйны артыкул 193 – “удзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі”. Як у 1937-ым сталінскія каты судзілі па “справе нацдэмаў” беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а праз дзесяцігоддзе – маладых змагароў па “справе Саюзу Беларускіх патрыётаў”, так і цяпер, у 2007-м, ідэйныя нашчадкі НКВД-ОГПУ рыхтуюць расправу над сябрамі Маладога Фронту.
Адразу пасля вясновых падзеяў 2006 г. рэжым распачаў крымінальную справу супраць Маладога Фронту: допыты ахапілі больш 100 актывістаў па ўсёй краіне. У адказ на гэта 80 маладафронтаўцаў правялі эстафетную галадоўку пратэсту.
Летась 15 верасня быў кінуты за краты лідэр Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, які атрымаў паводле “193 артыкулу” паўтара гады турмы. Праз месяц схапілі і абвінавацілі ў забойствах, згвалтаванні і тэрарызме ягонага намесніка Паўла Красоўскага. Больш года адбывае “хімію” засуджаны за палітычныя графіці адзін з лідэраў Маладога Фронту Артур Фінькевіч. 4 лютага гэтага году 30 кіраўнікоў Маладога Фронту былі затрыманыя ў Мінску, пяцёра з іх – Зміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан і Наста Палажанка – цяпер абвінавачваюцца паводле таго ж драконаўскага 193-га артыкулу.
Зараз жа чакае суда моладзевы актывіст Дзяніс Дзянісаў, беспадстаўна абвінавачаны ў “арганізацыі беспарадкаў”. Крысціну Шацікаву, якая на знак салідарнасці далучылася да Маладога Фронту, невядомыя прымусова завезлі ў вар’ятню.
Але, нягледзячы на гэта, Малады Фронт працягвае змаганне за Беларусь. Тысячы маладых беларусаў выйшлі на сталічныя вуліцы ў Дзень Волі 25 сакавіка. Маладафронтаўцы поўныя рашучасці і найдалей дзейнічаюць адкрыта і абвяшчаюць: Малады фронт не спыніць!
Рэпрэсіі супраць Маладога Фронту пераканаўча даводзяць – рэжым панічна баіцца волі і веры беларускай моладзі. Мы ведаем, што “Малады Фронт” грунтуе сваю дзейнасць на беларускім патрыятызме і хрысціянскіх прынцыпах, і падтрымліваем маладафронтаўцаў у іхнім змаганні за дэмакратыю і адраджэнне.
Мы заклікаем усіх беларусаў 30 траўня ў 14:00 прыйсці на суд над маладафронтаўцамі Змітром Хведаруком, Барысам Гарэцкім, Аляксеем Янушэўскім, Алегам Корбанам і Настай Палажанкай, каб выказаць ім рашучую салідарнасць і сказаць разам з імі:
Малады фронт не спыніць!
Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі.
Анатоль Грыцкевіч , доктар гістарычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук.
Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі.
Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Нашай Нівы”.
Адам Глёбус, беларускі пісьменнік, мастак, выдавец.
Уладзімер Содаль, літаратуразнаўца.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дэпутат ВС Беларусі ХІІ склікання.
Аляксандр Мілінкевіч, лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі.
Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
Вінцук Вячорка, старшыня Беларускага Народнага Фронту.
Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.
Сяргей Калякін, старшыня Партыі Камуністаў Беларусі
Алесь Арастовіч, выконваючы абавязкі старшыні БСДП НГ.
Анатоль Ляўковіч, выконваючы абавязкі старшыні БСДП Г.
Уладзімер Навасяд, старшыня Партыі Свабоды і Прагрэсу.
Аляксандр Бухвостаў, старшыня Беларускай Партыі Працы.
Валянціна Матусевіч, сябра праўлення Партыі Жанчын “Надзея”.”
Паводле “Хартыя’97” ( www . charter 97. org )
|