Ад пачатку грамадскай варты ў Гародні будынкі не зносяць

Гарадзенская моладзь ужо каля тыдня трымае варту ля будынкаў у старой частцы горада, якія мясцовыя ўлады пастанавілі знішчыць. Удзельнікі варты звяртаюць увагу на тое, што ад пачатку грамадскай хвалі пратэстаў улады не адважыліся знесці ніводнага помніка архітэктуры, хаця паводле першапачатковага плану яны ўжо не павінны існаваць.

Гаворыць Алесь Залеўскі, адзін з удзельнікаў абароны старой Горадні: “Яны пачынаюць нас трошкі баяцца, альбо прынамсі прыслухоўвацца да сітуацыі. Людзі ж не па палітычных матывах стаяць каля тых будынкаў, гэта грамадскі пратэст. Яны пакуль не нішчаць будынкаў, хаця па планах павінны былі.

Мы маем бягучую інфармацыю – нашы дзяжурныя ўвесь час нас інфармуюць пра хаду працаў. І ў тым выпадку, калі будзе адбывацца парушэнне закону, а гэта тады, калі будзе змяняцца каркас будынку, мы адразу ж тэлефануем да актывістаў і арганізуем абарону”.

КДБ Горадні зрабіў спробу выклікаць Алеся Залеўскага на допыт, але паколькі ў момант уручэння павесткі хлапца не было дома, то ён, адпаведна заканадаўству, не абавязаны з’яўляцца на допыт.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў