Тры шахі Аляксандра Казуліна

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, які адбывае пакаранне ў Віцебскай калоніі, накіраваў генпракурору дакументы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці Аляксандра Лукашэнкі. Грамадскі абаронца палітыка Ігар Рынкевіч расказаў “Салідарнасці”, што ў дакументах заяўлена інфармацыя аб фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбарах, знікненні апанентаў улады, а таксама патрабаванне правесці ў адносінах прэзідэнта комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

– Аляксандр Казулін накіраваў генеральнаму пракурору 2 заявы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі: за паклёп і абразу ў яго адрас і за злоўжыванне ўладаю і захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, – паведаміў “Салідарнасці” Ігар Рынкевіч. – Таксама мы падалі скаргу ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы з нагоды адмовы пракуратуры ўзбудзіць крымінальную справу на падставе прызнання Лукашэнкі аб фальсіфікацыі выбараў, зробленай публічна, на прэс-канферэнцыі. Нагадаю, ён тады сказаў: “Так, мы сфальсіфікавалі прэзідэнцкія выбары”. Вось такія 3 шахі Аляксандра Казуліна.

Адносна адказаў дзяржаўных органаў Ігар Рынкевіч не мае ілюзій: “Мы павінны ісці па ўсіх гэтых інстанцыях. Мы павінны паказаць – і грамадзянам Беларусі, і сусветнай супольнасці – што ў нашай краіне гэта праблемы невырашальныя, што ёсць недатыкальная асоба, якая можа фальсіфікаваць выбары і беспакарана ў гэтым прызнавацца”, – паведамляе Рынкевіч.

У сваю чаргу начальнік прэс-службы Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Вавула заявіў БелаПАН: “Калі Ігар Рынкевіч звяртаўся да Пятра Міклашэвіча, то гэтыя яго заявы павінны былі паступіць генпракурору. Яны будуць разгледжаны ў адпаведнасці х законам “Аб звароце грамадзян” у вызначаны законам тэрмін”. Гэта значыць, што не пазней 30 дзён з моманту падачы.

Паводле www.gazetaby.com

‹‹ на галоўную | у архіў