У Беларусі пачаўся збор подпісаў за ўнясенне зменаў у з акон а б свабодзе сумлення
Хрысціяне шматлікіх канфесіяў аб'ядналі свае намаганні і пачалі акцыю па зборы подпісаў, каб падаць у Канстытуцыйны суд Беларусі хадайніцтва аб унясенні зменаў у Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.
На сайце пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” з’явілася адмысловая рубрыка “Кампанія па зборы подпісаў” з усёй неабходнай інфармацыяй.
Чым выклікана ініцыятыва вернікаў? – расказвае прэсавы сакратар царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін: “Да нас далучыліся і праваслаўныя, і католікі, і лютэране, бо закон абмяжоўвае правы хрысціянскіх канфесіяў і асобных абшчын. За чатыры гады, калі дзейнічаў гэты закон, сабралася шмат фактаў аб парушэннях правоў. Святары розных канфесіяў штрафаваліся, нават былі выпадкі адміністрацыйных арыштаў за правядзенне богаслужэнняў. Для таго, каб сабрацца на малітву, патрэбны дазвол чыноўнікаў. З краіны высылаюцца святары-іншаземцы. Шмат фактаў. Адбылася прэзентацыя невялікай кнігі, дзе гэтыя парушэнні сабраныя. Гэта вынікі спецыяльна праведзенага маніторынгу”.
Паводле вернікаў, шмат якія артыкулы закона супярэчаць артыкулу 31 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе кожнаму грамадзяніну права на свабоднае веравызнанне. Таксама не выконваюцца палажэнні Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
“Свабода сумлення – адно з галоўных правоў кожнага чалавека. Гэтае права дадзенае Богам і замацаванае Канстытуцыяй”, – нагадваюць вернікі і заяўляюць, што бяруць на сябе адказнасць за тое, пры якіх законах будуць жыць іх дзеці.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
(http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/ )
|