диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

Аляксандр Адзінец: “Мы мусім аддаць пашану нашым эмігрантам”

“Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў” – гэтак называецца кніга журналіста Аляксандра Адзінца, якая надоечы пабачыла свет у Мінску ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 г. У 700-старонкавую кнігу ўвайшлі ўспаміны 73-х нашых суайчыннікаў, якія падчас Другой усясветнай вайны з палітычных меркаванняў былі вымушаныя пакінуць Беларусь і выехаць на Захад. З сігнальным асобнікам кнігі аўтар наведаўся ў мінскую студыю радыё “Свабода”.

Міхась Скобла: “Аляксандр, са сваіх дваццаці шасці гадоў вы шэсць гадоў былі штатным супрацоўнікам спартовай газеты “Прессбол” – пісалі пра спорт. І раптам зацікавіліся лёсамі беларускіх эмігрантаў. Што падштурхнула вас гэтак радыкальна змяніць тэму?”

Аляксандр Адзінец: “Я выехаў у Нямеччыну па сямейных прычынах. Мая жонка Ганна Галынская – вядомая спартоўка, гандбалістка, яна гуляла раней за зборную Беларусі. Мы пабраліся шлюбам, і я пераехаў да яе ў Нямеччыну. Займацца паўнавартаснай журналістыкай стала цяжка, адлегласць між Нямеччынай і Беларуссю вялікая, навіны здабываць няпроста. І я вырашыў пашукаць другую тэму. Зацікавіўся асобай Барыса Кіта, які таксама жыве ў Нямеччыне, прычым ужо больш за трыццаць гадоў. Вырашыў напісаць пра яго газетны артыкул. Звязаўся з ім, мы сустрэліся, паразмаўлялі. І я быў настолькі ўражаны сваім суразмоўцам, што вырашыў займацца тэмай эміграцыі і надалей”.

Скобла: “Мае знаёмцы, якія кантактуюць з эмігрантамі, асабліва паваеннае хвалі, гавораць, што самае складанае – заваяваць іхні давер. Ад вас эмігранты, як мне падалося, нічога не ўтойвалі, як быццам спавядаліся. Як вам удалося выклікаць да сябе гэткія даверлівыя адносіны?”

Адзінец: “Сапраўды, гэта было вельмі цяжкай задачай. Эмігранты –пераважна людзі баязлівыя, што тлумачыцца, безумоўна, іхнім цяжкім лёсам. Але 73 эмігранты не пабаяліся ўступіць са мною ў кантакт, расказаць пра свой лёс. Прыкладна такая ж колькасць людзей, на вялікі жаль, адмовілася ад супрацоўніцтва – якраз з прычыны недаверу да маёй асобы. Што ж, я ніколі не бываў у эмігранцкіх асяродках, ні ў ЗША, ні ў Аўстраліі, ні ў Канадзе, і асабіста ні з кім не быў знаёмы. І гэта было самай вялікай перашкодай. Даводзілася неяк даказваць, што ты не шпіён, не агент спецслужбаў. Мне нічога не заставалася, як проста прасіць людзей, каб яны мне верылі”.

Скобла: “А вы можаце назваць людзей, якія адмовіліся кантактаваць?”

Адзінец: “Адмовіўся, напрыклад, вядомы пісьменнік Кастусь Акула, які жыве ў Канадзе. Шкада, бо такія людзі маглі б праліць святло на тую ці іншую падзею ў гісторыі акупаванай Беларусі ці гісторыі эміграцыі. Для мяне гэты факт вельмі сумны”.

Скобла: “Беларуская эміграцыя ў нас да гэтай пары застаецца маладаследаваным мацерыком. Памятаю, гадоў пятнаццаць таму свет пабачыла кніга інтэрв’ю Леаніда Пранчака “Беларуская Амерыка” – гутаркі з нашымі суайчыннікамі, што па волі лёсу апынуліся ў ЗША. А беларусы з якіх краінаў выступаюць на старонках вашай кнігі?”

Адзінец: “Я пастараўся ахапіць усе краіны, усе кантыненты, дзе ступала нага паваеннага эмігранта з Беларусі. Гэта Аўстралія, Канада, ЗША, Францыя, Нямеччына, Бельгія, Чэхія, Польшча. У Аргенціне мне ўдалося адшукаць толькі адну беларуску – Ванду Губарт-Другавец. З аўстралійскіх беларусаў у кнізе ўдзельнічаюць Янка Барысевіч, Аўген Груша, Міхась Лужынскі... З Вялікай Брытаніі – Юры Весялкоўскі, Лёля Міхалюк... Са Злучаных Штатаў Амерыкі – Міхась Белямук, Лёнгіна Брылеўская, Барыс Данілюк, Сымон Жамойда, сын Францішка Кушаля і Наталлі Арсенневай Уладзімір Кушаль, лекар Мітрафан Смаршчок (ён жа паэт Анатоль Бярозка), якому 92 гады... З беларускіх немцаў удалося пагаварыць з мастаком Анатолем Чайкоўскім, з Надзеяй Касмовіч, яна, дарэчы, пляменніца Якуба Коласа. Польшчу прадстаўляе слаўны беларускі татарын Мацей Канапацкі, ён – татарын з паходжання, але вялікі патрыёт Беларусі. Можна сказаць – татарын з беларускім сэрцам.

Карацей кажучы, эмігранты жывуць па ўсім свеце, нават ля вытокаў Амазонкі. Асобны раздзел у кнізе – успаміны Барыса Кіта пра нашых вядомых эмігрантаў, якія ўжо адышлі ў лепшы свет. Добрым словам хачу згадаць Алега Гардзіенку, які выканаў сапраўды тытанічную працу па рэдагаванні тэкстаў. Ён жа склаў вельмі вартасны біяграфічны слоўнік, змешчаны ў кнізе”.

Скобла: “Вы згадалі Уладзіміра Кушаля, Надзею Касмовіч. Яны вас цікавілі самі як асобы, ці ў люстэрку іх успамінаў вы хацелі бачыць іхніх вядомых блізкіх?”

Адзінец: “І тое, і другое. Я не ставіў перад сабою мэты запісваць толькі вядомых людзей. Хутчэй, наадварот, з малавядомымі ці зусім невядомымі мне нават было цікавей размаўляць”.

Скобла: “Ваша кніга складаецца з твораў розных жанраў – тут і мемуары, і інтэрв’ю. Як вы працавалі? Рассылалі нейкія апытальнікі? Сустракаліся? Гутарылі па тэлефоне?”

Адзінец: “Асноўная частка матэрыялаў была сабраная менавіта па тэлефоне. На шчасце, у Нямеччыне ў мяне была такая магчымасць – працяглы час карыстацца міжнароднай тэлефоннай сувяззю. Некаторыя размовы цягнуліся па тры, чатыры, пяць гадзінаў. І толькі з некаторымі эмігрантамі мне пашчасціла сустрэцца асабіста”.

Скобла: “На старонках кнігі вы далі слова прадстаўнікам розных палітычных плыняў – прыхільнікам БНР і БЦР. Чым вы кіраваліся пры выбары сваіх герояў?”

Адзінец: “Чалавеку прадстаўлялася вольная трыбуна, з якой ён мог абсалютна свабодна выказваць свае думкі. Незалежна ад палітычных і рэлігійных поглядаў. Гэта адна з маіх мэтаў – у кнізе няма ніякіх абмежаванняў. А свае палітычныя погляды я стараўся прыхоўваць”.

Скобла: “Вось вы кажаце пра свабодную трыбуну... А на сямістах старонках вашай кнігі я не знайшоў аніводнага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі. Усе яго крытыкуюць.”

Адзінец: “Гэта сапраўды так. Сярод прадстаўнікоў менавіта палітычнай паваеннай эміграцыі прыхільнікаў Лукашэнкі я не сустрэў. Мне нават было б цікава знайсці такога чалавека. Але, на жаль, ці на шчасце, такія мне не трапіліся”.

Скобла: “Хочацца звярнуць увагу на тое, што ваша кніга вельмі своечасовая. Паколькі эмігранты паваеннай хвалі на вачах адыходзяць. З кім вы хацелі, але не паспелі пагаварыць?”

Адзінец: “З Васілём Плескачом не паспеў, яму было ўжо за дзевяноста гадоў. Вельмі адукаваны быў чалавек, у паваеннай Нямеччыне настаўнічаў, а потым займаў высокія пасады ў буйных фірмах у ЗША. Таксама быў такі Пятро Саўчыц, адзін з арганізатараў беларускай суполкі ў Аргенціне, ён памёр падчас нашага ліставання. Жыў у Нью-Йорка Іван Крэсла, які служыў падчас Другой усясветнай вайны ў Вялейцы. Ён таксама памёр. Былі і другія выпадкі, калі я ўступаў у кантакт з чалавекам, дасылаў яму лісты, спадзяваўся на станоўчы адказ, а чалавек паміраў. Праз месяц пасля нашай гутаркі памёр Барыс Рагуля, ён ужо быў вельмі слабы, але вельмі мужна даваў мне інтэрв’ю, хоць, адчувалася, што яму цяжка гаварыць. Хутка пасля інтэрв’ю памерлі Франціш Бартуль з Нью-Йорка і Мікола Латушкін з Чыкага”.

Скобла: “У свой час мне тут, у Беларусі, давялося сустрэцца з князем Яўстахам Севярынам Сапегам, які пакінуў радзіму ў 1939-м і з 1940-х гадоў жыве ў Кеніі. У Беларусі – у Ружанах, Дзярэчыне, Горадні – 85-гадовы князь адчуваў сябе шчаслівым. Многія з вашых суразмоўцаў-эмігрантаў так і не адважыліся прыехаць у Беларусь. Як вы лічыце, ім тут нешта сапраўды пагражала б, ці гэта ўжо своеасаблівая фобія – страх перад уладай, КДБ і г.д.?”

Адзінец: “Я ўпэўнены, што ім на радзіме нічога не пагражала б. Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці многія эмігранты прыязджалі і спакойна вярталіся назад. Ніхто іх не арыштоўваў, не рэпрэсаваў. Гэта менавіта фобія. Але я разумею гэтых людзей. Страх сядзіць вельмі глыбока ў іх, бо яны перажылі жудасныя падзеі вайны, паваенную брутальную рэпатрыяцыю на радзіму. І многія не змаглі гэты страх пераадолець. А на радзіме ім вельмі хацелася пабываць. Як адзначыў падчас нашай размовы Барыс Рагуля, яго найвялікшая трагедыя – што ён так і не прыехаў у незалежную Беларусь, не пабываў на сваёй Наваградчыне. А там людзі да гэтай пары добрым словам згадваюць рагулеўскі легіён, які ратаваў беларусаў у ваеннай калатнечы. Антон Шукелойць таксама не адважыўся прыехаць у Беларусь. Паэт Міхась Кавыль таксама так і не пабываў на радзіме, хоць ягоная жонка тройчы прыязджала, прычым упершыню яшчэ за савецкім часам. І падобных выпадкаў нямала: людзі не змаглі перамагчы свой страх”.

Скобла: “Мне згадаліся радкі Уладзіміра Клішэвіча: “Чужаземныя маякі нашу ноч не асвецяць” – гучаць, як прыказка. А якая прыказка вам тут, у Беларусі, успамінаецца? Дакіньце свой грош у нашу скарбонку народнай мудрасці”.

Адзінец: “Рабі пільна, то й тут будзе Вільня. Беларускую дзяржаўнасць трэба будаваць менавіта ў Беларусі. Захоўваць нашы добрыя традыцыі, моўныя, культурныя. Называцца і быць беларусамі, а не тымі “дзецьмі СССР”, якіх можна сустрэць па ўсім свеце. У Нямеччыне нярэдка даводзіцца бачыць людзей у майках з надпісам “СССР” і г.д. Гэта прыкра назіраць. Мы, маладыя беларусы, мусім аддаць пашану нашым эмігрантам, якія далёка за межамі сваёй радзімы збераглі беларушчыну. Гэта яскравы прыклад для многіх беларусаў, якія жывуць на сваёй радзіме”.

Паводле www.svaboda.org

‹‹ на галоўную | у архіў

 

№ 6, чэрвень 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович