У Польшчы адбываецца пленэр з удзелам беларускіх мастакоў і скульптараў

У польскім горадзе Венграў з 20 па 29 красавіка адбываецца пленэр з удзелам беларускім мастакоў і скульптараў. Ён арганізаваны мецэнатам, польскім прадпрымальнікам Адамам Гурэцкім сумесна з мэрыяй Венграва.

Як паведаміў БелаПАН удзельнік пленэру, вядомы жывапісец, грамадскі дзеяч, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін, у творчай акцыі заняты мастакі і скульптары з Мінска і Брэста, у тым ліку Ігар Марачкін, Алесь Пушкін, Аксана Гайдуковіч, Зміцер Капач і Аляксей Паўлючык, а таксама прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Украіны.

Як адзначыў А.Марачкін, творчая акцыя праводзіцца ў горадзе, заснаваным у 1300 годзе на мяжы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. “У сваіх працах удзельнікі пленэру адлюстроўваюць мясцовыя ландшафты, помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і партрэты. Прычым кожны з мастакоў павінен пакінуць гаспадарам па два творы”, – сказаў А.Марачкін.

Вынікі пленэру будуць прадстаўлены на выставе ў самым старым будынку Венграва – помніку архітэктуры Х V ІІ стагоддзя Доме Гданьскім, а таксама ў адной з мастацкіх галерэяў Варшавы.

Паводле www.naviny.by

‹‹ на галоўную | у архіў