Вяшчанне на Беларусь незалежнага тэлеканала пачнецца ў кастрычніку

Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала “ТВ Беларусь” падпісалі ў аўторак Грамадскае польскае тэлебачанне і Міністэрства замежных спраў Польшчы. У адпаведнасці з заключаным кантрактам вяшчанне незалежнага каналу на Беларусь пачнецца ў кастрычніку гэтага года, а фінансавацца новае тэлебачанне будзе з рэзервовага бюджэту МЗС Польшчы.

Новы тэлеканал паўстане на базе Польскага грамадскага тэлебачання ( TVP ) і атрымае 16 мільёнаў злотых (каля 4 мільёнаў еўра) на гэты год. У хуткім часе ў Польскім тэлебачанні мае адбыцца афіцыйнае падпісанне загаду аб фармальным стварэнні новага каналу.

Як паведамлялася раней, у праграме тэлеканалу плануюцца выпускі навінаў, штотыднёвыя праграмы – усяго 17 уласных праграмаў. Арганізатары каналу маюць намер вяшчаць на тэрыторыю Беларусі 15 гадзінаў у суткі пераважна на беларускай мове.

Вяшчанне будзе ажыццяўляцца з тэрыторыі Польшчы і не будзе насіць прапагандысцкі характар. У праграмную сетку ўжо плануецца ўключыць тэлеперадачы “Навіны дня”, “Беларусь, Беларусь”, “Агляд незалежнай прэсы”, “Пад знакам Пагоні”, “Незалежная сцэна”, “Беларускі андэграунд”, “Госць тыдня”, “Студэнцкая думка”, “На мяжы” і іншыя.

Стваральнікі тэлеканалу правялі даследаванне, адпаведна з якім, у Беларусі спадарожнікавым тэлебачаннем карыстаюцца 7,2% жыхароў Беларусі, і іх лік пастаянна расце.

Незалежнае спадарожнікавае тэлебачанне для Беларусі, па словах арганізатараў, павінна было пачаць вяшчанне на краіну ўжо ў лютым 2007 года.

Кіраўніцтва праекту разлічвала прыцягнуць каля паўмільёна беларускіх тэлегледачоў. Каардынатар праекту Агнешка Рамашэўска паведаміла, што стараць праграмы для тэлебачання будуць беларускія журналісты.

Паводле www .telegraf .by і www. svaboda. org

‹‹ на галоўную | у архіў