У Нью-Йорку прэзентаваныя кнігі Зянона Пазняка

У нядзелю ў Нью-Йорку адбылася прэзентацыя кніг Зянона Пазняка, выдадзеных у эміграцыі. У 2000–2007 гг. выйшла сем кніг, але зараз увага была засяроджаная, у асноўным, на зборніках паэзіі і фотаздымках. Такіх выданняў тры – “Глёрыя Патрыя”, “Вялікае Княства” і “Дарога”.

Ужо некалькі апошніх гадоў пасля службы ў Саборы св. Кірылы Тураўскага Беларускае аўтакефальнае праваслаўнай царквы, на якую прыходзіць усё больш моладзі з новай эміграцыі, у грамадскай залі ладзяцца мерапрыемствы – сустрэчы з гасцямі з Беларусі, выставы, сяброўскія гутаркі. Гэтак было і ў гэтую нядзелю. Спачатку парафіяне ўдзельнічалі ў набажэнстве, якое адслужылі а. Пётра і а. Вячаслаў, а потым спусціліся ў грамадскую залю. Сабраліся блізу сотні чалавек.

Дырэктар нью-йоркскага Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) др. Вітаўт Кіпель у сваёй прамове засяродзіўся на светапоглядных аспектах творчасці Зянона. Сярод выступоўцаў быў і герой адной з кнігаў Пазняка – старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання Антон Шукелойць. Гучалі вершы Зянона, прысутныя дзяліліся ўражаннямі.

Зянон Пазняк адзначыў: “Мяне вельмі ўзрушыла, што прыйшло шмат моладзі, і што калі чыталі вершы, на вачах у людзей былі слёзы. Вершы гэтыя напісаныя ў розныя гады, у мяне падрыхтаваныя і старыя рукапісы, трыццацігадовай даўніны, але каб выдаць – патрэбныя час і сродкі. Ні аднаго, ні другога не хапае. Дарэчы, гэтыя кнігі выдадзеныя цалкам на грошы беларусаў, пры падтрымцы беларускіх патрыётаў і на ўласныя сродкі. Займацца адначасна палітыкай і творчасцю цяжка, амаль немагчыма. Бо творчасць палітыка звычайна альбо абплёўваецца апанентамі, альбо замоўчваецца. Наконт гэтага я ня маю ілюзіяў.

Але не шкадую, што дваццаць гадоў таму фактычна кінуў творчасць і заняўся палітыкай, бо жыццё прысвяціў найвышэйшай справе – стварэнню новай дзяржавы. І гэтая дзяржава існуе. Хай сёння ў ёй дыктатура – заўтра будзе вольная Беларусь, галоўнае, каб Беларусь жыла. Памятайма, што пад намі не проста нацыянальная культура, у якой адзін толькі фальклор складае 50 тамоў. Пад намі – цывілізацыя. У часы Вялікага Княства мы былі цывілізацыйным фактарам, які ўплываў на Усходнюю Еўропу. Сёння беларуская мова знішчаецца – але заўтра гэта будзе вялікая мова новай Усходняй Эўропы”.

Прадмовы да дзвюх апошніх кніг Зянона – “Вялікага Княства” і “Дарогі” – напісалі Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў.

Паводле Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)

‹‹ на галоўную | у архіў