“Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост”
Серыя Бібліятэка “Бацькаўшчыны” папоўнілася ўжо 12-й кнігай. “Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост” – гэта царкоўная гісторыя вачыма эміграцыі. Кніга прысвечана рэлігійнаму жыццю беларусаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
“Адзін Госпад, адзін Спадар – для праваслаўных, католікаў, уніятаў. Адзін для беларусаў у Беларусі і па-за яе межамі. Гэтае адзінства – у Богу і Веры – і ёсць зместам і ідэяй прапануемай кнігі”, – адзначае ў прадмове ўкладальнік кнігі Андрэй Любіч.
Стваральнікі падзялілі кнігу на тры раздзелы.
У першым, які называецца “Хрыстовым шляхам”, аўтары беларускага замежжа – і святары, і навукоўцы – ва ўспамінах, нарысах-партрэтах і навукова-публіцыстычных артыкулах распавядаюць пра цярністыя шляхі Рыма-Каталіцкай царквы на Беларусі, Беларускай каталіцкай (усходняга абраду) і Беларускай Аўтакефальнай цэркваў ды лёсы іх зямных апосталаў.
Так, тут змешчаныя артыкулы айца Льва Гарошкі “Беларускія святары і рэлігійныя дзеячы Беларусі” і “Праз навальніцы і нягоды”, выбраныя часткі твору Мікола Волаціча “Беларускай Аўтакефальная Праваслаўная царква”, матэрыялы Аляксандра Салагуба “Аўтакефалія” і Зоры Кіпель “Традыцыя святой Еўфрасінні Полацкай на эміграцыі”.
Другі раздзел бібліяграфічны і змяшчае спіс артыкулаў з найбуйнейшых эмігранцкіх газет “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Агульная тэма бібліяграфіі: рэлігійнае жыццё на Беларусі і за яе межамі. У раздзеле змешчаныя каля 900 назваў артыкулаў з указаннем аўтара, а таксама месца і часу друку.
У апошнім, трэцім раздзеле надрукаваны мастацкі нарыс Уладзіміра Глыбінага “На святой зямлі” пра ягонае падарожжа ў Ерусалім.
Аўтары і ўкладальнікі кнігі выказваюць надзею, што гэтая кніга спрычыніцца да ўшанаванні памяці людзей – свецкіх і святароў – якія прысвяцілі сваё жыццё да пашырэнню Слова Божага сярод беларусаў.і да ўмацавання царкоўнай і нацыянальнай еднасці беларускага народу.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

|