Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” – на Бангалор!
Аргкамітэт па правядзенні сёлетняга “Чарнобыльскага шляху” прыняў рашэнне пра месца правядзення акцыі. Было вырашана, што збор людзей запланаваны на ранейшым месцы, то бок на плошчы Якуба Коласа а 18:00. Адтуль людзі накіруюцца да Акадэміі навук, дзе старшынёй аргкамітэту прафесарам Іванам Нікітчанкам будзе агучаная рэзалюцыя “Чарнобыльскага шляху 2007”. Больш на 26 красавіка не запланавана ніякіх мітынговых прамоваў.
Пасля ўдзельнікі накіруюцца шэсцем у бок парку Дружбы народаў. Арганізатары абяцаюць, што візуальна гэтае шэсце будзе відавочна адрознівацца ад мінулых, у першую чаргу праз мастацкае аздабленне акцыі.
Каля праваслаўнай капліцы ў памяць ахвяраў Чарнобылю, што размяшчаецца на скрыжаванні вуліцаў Арлоўскай і Карастаянава мае адбыцца 21 хвіліна маўчання. На гэтым акцыя скончыцца.
Лідэр апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, які заявіў, што не будзе больш хадзіць на акцыі на Бангалор, пацвердзіў свае ранейшыя словы. Ён сказаў, што будзе з людзьмі на плошчы Якуба Коласа, а таксама пройдзе адтуль да Акадэміі навук, але не збіраецца ісці на Бангалор. Таксама Аляксандр Мілінкевіч мае намер з 21 па 25 красавіка праехаць па забруджаных Чарнобылем рэгіёнах Беларусі: Лунінеччына, Століншчына, Мазыршчына, Хойнікі, Брагіншчыну, Гомель, Чэрыкаў, Слаўгарадчыну і іншыя раёны.
Паводле “Нашай Нівы” ( www. nn. by)
|