“Дом сустрэч” для пацярпелых ад фашызму
У памяшканні “Гістарычнай майстэрні” на вуліцы Сухой у Менску пачаў працу Дом сустрэч для ахвяраў, пацярпелых ад нацызму падчас Другой сусветнай вайны. Сацыяльны праект мае назву “Забяспечым годнае жыццё сведкам вайны”, ён будзе ажыццяўляцца цягам трох гадоў.
Галоўнымі ўдзельнікамі праекту стануць гастарбайтэры, вязні менскага гета ды былыя ваеннапалонныя. Каля паўсотні чалавек змогуць сустракацца непасрэдна ў памяшканні “Майстэрні”. Ветэранаў, якія не змогуць самі прыходзіць на сустрэчы, будуць наведваць дома, каб бясплатна дапамагаць у вырашэнні бытавых праблемаў.
Спонсары праекту – нямецкая арганізацыя “Памяць, адказнасць і будучыня”, Евангельская царква, а таксама адукацыйны цэнтр з Дортмунду. Рэалізоўваць яго ў Беларусі ўзяліся “Гістарычная майстэрня” ды нямецкі Міжнародны адукацыйны цэнтр.
Паводле belngo.info
|