Флэш-моб у падтрымку Беларусі ў Таліне

У дзень салідарнасці, 16 красавіка ў цэнтры Таліна ў парку Таммсаары прайшоў 15-хвілінны флэш-моб. Падчас яго каля 20 чалавек моўчкі чыталі газеты з назвай на першай старонцы: “Нявінны занятак? У Беларусі ты б трапіў за гэта ў турму!”.

Мэтай акцыі, якая была арганізавана Групай падтрымкі Беларусі, было звярнуць увагу грамадскасці на тое, што ў нашай краіне адсутнічае свабода слова і свабода друку

“На акцыі пратэсту ў Маскве, якія прайшлі ў гэтыя выходныя, сродкі масавай інфармацыі Эстоніі адрэагавалі навінамі на першых палосах і велічэзнай колькасцю артыкулаў”, – сказаў сябра Групы падтрымкі Беларусі Крыстэр Парыс. "Але вялікая колькасць людзей не ведае, што ў Беларусі такая дэманстрацыя сілы даўно стала звыклай справай. Самая малая незадаволенасць уладамі – напрыклад, публічнае чытанне апазіцыйных выданняў – можа прывесці да арышту і збіцця ў міліцэйскім пастарунку", – растлумачыў Парыс сімвалічнае значэнне маўклівай акцыі.

Групу падтрымкі Беларусі ў Эстоніі заснавалі грамадскія аб’яднанні, а таксама прыватныя асобы, якія прымалі ўдзел у 2006 годзе ў прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасці незалежных назіральнікаў. Пры падтрымцы Фонду Адкрытай Эстоніі Дзень салідарнасці адзначаецца ў Эстоніі з кастрычніка 2005 года.

Паводле charter97.org

‹‹ на галоўную | у архіў