У Варшаве адбыўся Тыдзень беларускай культуры “Minsk Mixt”
У Варшаве завяршыўся Тыдзень беларускай культуры “Minsk Mixt”. Цягам тыдня ў Варшаве гучала беларуская музыка. Гралі знакамітыя рок-музыкі – Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч, Піт Паўлаў. Выступалі паэты, празаікі ды перакладчыкі. Былі аргнізаваныя кінапаказы. Ва ўсіх мерапрыемствах маглі ўзяць удзел і наведнікі імпрэзаў. Напрыклад, адбыўся кароткі курс старажытнага танца пад музыку гурту “Стары Ольса”.
Галоўны арганізатар Тыдня, кіраўнік польскай фонду “Беларуская ініцыятыва” Уладзімір Міхневіч распавёў: “Беларуская ініцыятыва”, пачынаючы сваю дзейнасць у якасці грамадскай арганізацыі ў 2004 годзе, старалася вызначыць, што беларусы, якія жывуць у Варшаве, могуць паказаць варшавякам. То бок тым асобам, з якімі мы штодня сутыкаемся на працы, з якімі маем прыяцельскія стасункі. Ідэя прэзентаваць беларускую культуру нарадзілася даўно. Не хаваю, што арганізаваць нешта падобнае, каштуе вялікага высілку. Разумовага, канцэптуальнага і нават звычайнага фізічнага. Патрэбна шмат дапамогі. Таму мы, ужо як Фонд “Беларуская ініцыятыва” (калісьці мы былі нефармальным аб’яднаннем), зразумелі, што трэба знайсці партнёраў. Якіх не заўсёды ўдаецца пераканаць сваімі ідэямі. Трэба ісці на кампраміс. Таму наша першапачатковая ідэя змянілася фактычна напалову”.
Спачатку была ідэя арганізаваць мясцовы варыянт Беларускага дударскага фэсту, які адбываецца ў Мінску. Але арганізатары адмовіліся ад гэтага, бо хацелі зацікавіць імпрэзай не толькі аматараў дудаў.
Апроч прэзентацыі беларускай культуры на мэце ў арганізатараў Тыдня было яшчэ і іншае: “Аб’яднаць у нейкім сэнсе беларускія асяродкі, якія б нам дапамагалі не як арганізатары, а як звычайныя людзі. Гэта можна назваць спробаю аб’яднаць беларускую дыяспару. Але гэта моцна сказана. Нам удалося падключыць да працы шмат якіх прыватных асобаў. І я лічу гэта поспехам. Бо мы разварушылі такім чынам беларускае асяроддзе. Жывучы ў чужой краіне, чалавек дастасоўваецца да мясцовага менталітэту. Але яму чагосьці бракуе.
Мы ведаем, што беларускія мастакі, музыкі маюць нейкія абсурдныя праблемы ў арганізацыі канцэртаў, выставаў. Творчы чалавек ня можа так жыць. Яго гэта душыць. Мы вырашылі прапанаваць выступіць беларускім творцам тут, у Варшаве. Стварыць духоўную адтуліну. Але гэта таксама дазволіла беларусам сабрацца ў гэтых клубах і аб’яднацца на нейкім агульным культурным кантэксце”.
Адным з партнёраў Тыдня было навуковае кола “Альбарутэніка”, якое аб’ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў Варшаўскага ўніверсітэта, што займаюцца даследаваннем беларускай праблематыкі і проста цікавяцца Беларуссю. Яшчэ адным арганізатарам Тыдня выступіла галерэя “Зоя”, што паўстала з ініцыятывы беластоцкага беларуса, які жыве ў Варшаве.
Асаблівая падзяка арганізатараў Тыдня беларускай культуры, як ні дзіўна гэта гучыць, галандцам.
“Мы вельмі ўдзячныя амбасадзе каралеўства Нідэрланды, якая з’яўляецца галоўным спонсарам нашага мерапрыемства. Я шчыра ўдзячны галандцам ды іхняй палітыцы менавіта за распаўсюджванне ведаў пра Беларусь ў краінах еўрапейскай супольнасці”, – сказаў У. Міхневіч.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
(http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|