У Вільні прэзентавалі “Плошчу”
16 красавіка кнігу з бібліятэкі Радыё “Свабода” “Плошча” прадставілі ў Вільні. Імпрэза была з нагоды Дня салідарнасці ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні.
Журналіст Аляксандр Лукашук распавёў пра гісторыю стварэння кнігі: “Беларуская служба радыё Свабода чатыры гады назад пабачыла неабходнасць выдавання, друкавання некаторых сваіх перадач у выглядзе кнігаў. Гэта выклікана, перш за ўсё, той акалічнасцю, з якой сутыкаюцца ўсе замежныя радыёстанцыі, якія вяшчаюць на Беларусь, у тым ліку і Радыё “Рацыя”, і “Еўрапейскае Радыё”, і “BBC”, і “Голас Амерыкі” ці “Deutsche Welle”. Справа ў тым, што ніводная з гэтых радыёстанцыяў не мае рэтранслятара ў Беларусі”.
Кніга “Плошча” з’яўляецца дванаццатай у серыі кніг Свабоды.
Аляксандр Лукашук кажа: “Кніга “Плошча” — гэта калекцыя рэпартажаў, інтэрв’ю, паведамленняў, якія выйшлі ў эфір Свабоды на другі дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, 20 сакавіка 2006 году. Трэцюю частку кнігі складаюць каляровыя фотаздымкі, таму што зараз рэальнасць кожнай радыёстанцыі, у тым ліку і Рацыі, і Свабоды, гэта інтэрнэт, і ў інтэрнэце таксама друкуюцца фотаздымкі”.
Неардынарная падзея сабрала поўную залю гледачоў, сярод якіх былі віленскія беларусы, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту і журналісты.
Перад гледачамі выступілі асобы, якія спрычыніліся да стварэння кнігі. Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец распавёў пра сваё прафесійнае стаўленне да літаратурнага твора.
Дубавец: “Нутро традыцыйнага рэдактара пратэстуе супраць таго, каб з кніжкі рабіць нейкае падабенства інтэрнэту, дзе з усіх бакоў усё напіхана, адно пераходзіць у другое, спасылаецца, старонкі падзеленыя там на восем кавалкаў…” Ён не стаў адназначна акрэсліваць значэнне і ролю кнігі, гэтаксама як і падзеі, што сталіся нагодай для стварэння выдання: “Шчыра скажу, што я ня браўся б сёння ацэньваць… Я лічу, што кніжка гэтая ўдалася, але, гэтаксама як і пра Плошчу, мы зможам гаварыць штосьці рацыянальнае, гадоў праз дваццаць… І я лічу, што гэта каласальны, вельмі вялікі здабытак, што ўжо пакаленне дзяцей Сяржука Вітушкі ўжо заявіла пра сябе такім знакам, як Плошча, які ўжо застанецца пры гэтым пакаленні”.
Рэдактар Сяргей Дубавец – ня толькі рэдактар, але і чалавек, які знаходзіўся на Плошчы і эмацыйна прапускаў тыя падзеі праз сябе: “Акрамя таго, што гэта мая прафесійная праца – рэдактура, зразумела, я адчуваў, што адбываецца вялікая падзея, якая мусіць застацца ў гісторыі і бадай цяжка прыдумаць нейкую іншую форму, чым даць храналогію, даць жывыя галасы, даць выказванні, што называецца, “з калёс” беларускіх мысляроў, паэтаў, музыкаў. Усё гэта ўвайшло ў гэтую кнігу”.
Узгаданы Дубаўцом гісторык Сяржук Вітушка выказаў сваё меркаванне пра падзеі, апісаныя ў кнізе “Плошча”: “Вельмі добра, што гэтая кніжка выйшла. Вось трымаю такую тоўстую цагліну, сам ужо не прачытаю, буду прасіць дачку, каб прачытала. Тым людзям, хто стаяў на Плошчы, гэта будзе вялікай дапамогай, каб і гэтай вясной выйсці, і праз вясну выйсці.
Ці не безадказна сёння абяцаць хуткую перамогу, што вось яшчэ адзін рывок, яшчэ адно напружанне сілаў — і заўтра адбудзецца рэвалюцыя, і ўсё зменіцца. Баюся, што гэта сапраўды безадказна, што трэба навучыцца цярпець, і верыць, што нас чакае доўгае лячэнне ад гэтай раны”.
Пісьменнік Уладзімер Арлоў, адзін з аўтараў кнігі, узгадаў падзеі, сведкам якім быў ён сам: “Для ўсіх, хто там быў, напэўна, гэтыя дні сталі аднымі з галоўных у іхным жыцці. Я памятаю, як у першую ноч, калі былі пастаўленыя намёты, мы з Алесем Лукашуком у палове другой прыехалі і налічылі семнаццаць намётаў. Мы купілі кветкі і цукеркі, і я звярнуў увагу, што, пакуль мы выйшлі з таксі і дайшлі да жанчын, якім хацелі падараваць гэтыя кветкі, кветкі змерзлі, так было холадна”.
Паводле Радыё “Рацыя” і Радыё “Свабода”
|